Свята распачалося св. Імшой, падчас якой кс. Міхаіл Радзевіч SDB асаблівым чынам звярнуў увагу на тое, што Божае Валадарства трывае таму, што Бог любіць сваіх дзяцей. Святар адзначыў, што кожны з нас павінен імкнуцца адкрыць сваё сэрца для Езуса, каб Ён быў Валадаром нашага жыцця.
Пасля св. Імшы дзеці накіраваліся ў араторый. Падчас святочнай праграмы дзеці змаглі сустрэцца з героямі, якія спрабавалі даказаць, хто з іх лепшы і хто сапраўдны кароль.
Для ўдзельнікаў было падрыхтавана шмат цікавых гульняў і забаўляльных момантаў. Асабліва дзецям падабалася гульня-спеў “Гэты спеў для цара”.
Адзін з герояў падзяліўся з дзецьмі сваімі смачнымі пладамі, расказаў ім пра дары, якія можна знайсці ў агародзе і ў садзе. Дзеці з радасцю разглядалі, а таксама з вялікім захапленнем атрымоўвалі некаторыя восеньскія дары.
На заканчэнне свята дзеці пачулі слоўка, падчас якога было падкрэслена, што Валадарства Божае павінна ўзрастаць сярод нас там, дзе мы прабываем – у школе, у сем’ях, сярод сяброў. Кожны з нас павінен змагацца, каб Божыя справы перамагалі ў жыцці.
Пасля слоўка прысутных чакалі агульны фотаздымак і салодкі пачастунак.