Галоўная Дзейнасць Навіны У Смаргоні адбылося першае спатканне групы “Пошук”

У Смаргоні адбылося першае спатканне групы “Пошук”

Спатканне праводзілася з мэтай даць моладзі магчымасць нанова адкрыць прыгажосць хрысціянскага жыцця і ўбачыць сябе па-новаму. Удзельнікі два дні разважалі над тэмай “Я – гэта дар”.

Юнакі і дзяўчаты ўдзельнічалі ў канферэнцыях, падчас якіх атрымалі парады па пошуку свайго паклікання, дзяліліся сваімі разважаннямі і вопытам, а таксама мелі час на асабістую малітву. Таксама для моладзі салезіянамі супрацоўнікамі была арганізавана гульня-квэст. Прымаючы ў ёй удзел, моладзь навучылася працаваць у камандзе і лепш пазнаёмілася са Смаргонню.

Напрыканцы першага дня ўдзельнікі сустрэчы мелі магчымасць памаліцца ў цішыні падчас адарацыі.

Другі дзень сустрэчы распачаўся святой Імшой, якую ўзначаліў кс.Алег Каралёў SDB. Падчас гаміліі святар звярнуў увагу на тое, што трэба мець Бога як цвёрдую апору свайго жыцця і не забываць пра тых, хто знаходзіцца побач.

Напаследак былі падведзены вынікі, калі ўдзельнікі не толькі падзяліліся сваімі ўражаннямі, а таксама выказалі прапановы і пажаданні на будучыя сустрэчы.

Падзяліцца: