Традыцыйна праграма распачалася святой Імшой, якую цэлебраваў кс. Алег Жураўскі SDB. Падчас казання кс. Алег падкрэсліў, што трэба давяраць Богу ва ўсіх сітуацыях свайго жыцця, а таксама звярнуў увагу на тое, якія хрысціянскія знакі мы носім.
Пасля святой Імшы ўдзельнікаў свята ў араторыі ўжо чакалі памочнікі, кандыдаты і аніматары. Пры ўваходзе ў араторый дзеці ў залежнасці ад узросту былі падзелены на каманды. Кожны адказны за каманду атрымаў карту з пэўным шляхам падарожжа.
Падчас свята дзеці сустрэлі святога Ян Боско і папу Францішка, якія дапамаглі ім больш зразумець, што такое святасць у іх жыцці і прапанавалі сустрэцца з рознымі цікавымі людзьмі.
Калі ўдзельнікі завяршылі сваё вандраванне, іх чакала слоўка, падчас якога святы Ян Боско браў інтэрв’ю ў герояў свята. Героі падзяліліся з прысутнымі сваімі меркаваннямі пра святасць, распавядаючы, чым яна для іх з’яўляецца і як святасці могуць навучыцца нават самыя маленькія.
Напрыклад, адзін з герояў адзначыў, што святасць - гэта ўменне прайсці правільна жыццёвыя выпрабаванні, для іншага быць святым азначае быць паяднаным з Богам і перажываць з Ім кожны дзень і кожную сітуацыю. Яшчэ адзін герой адзначыў, што святым з’яўляецца той, хто здольны жыць з радасцю і гумарам.
Напрыканцы быў зроблены агульны фотаздымак і ўдзельнікі свята змаглі пачаставацца смачнай гарбатай і прысмакамі.
Памочнік аніматара Вольга Броўка