Рэнавацыя місій распачалася ўрачыстым увядзеннем місіянераў у парафію. Кс. Артур Ляшнеўскі SDB, пробашч парафіі, урачыста прывітаў прапаведнікаў ля місійнага крыжа і благаславіў на бліжэйшыя дні пастырскай паслугі місіянераў у парафіі. А. Анджэй нагадаў вернікам: “Мінуў ужо год з таго часу, калі мы закончылі Святыя місіі ў гэтай парафіі. Тады мы хацелі слухаць Божае Слова і прымалі намаганне навяртацца. Аднак жа навяртанне – гэта не аднаразовая падзея, гэта працэс, які трывае праз усё жыццё. Бог чарговы раз дае нам ў гэтыя дні магчымасць паяднання і аднаўлення. Няхай найбліжэйшыя дні будуць часам сустрэчы з Жывым Богам, які прыходзіць да нас у сваім слове і сакрамэнтах”.
Дні духоўнага аднаўлення парафіі мелі свае тэматыкі. У першы дзень разважалі над святым хростам. Вернікі абнаўлялі абяцанні святога хросту і выказвалі жадане нанова зблізіцца з Хрыстом. У другі дзень смаргонцы разважалі над сутнасцю пакаяння і ачышчэння ў сакрамэнце споведзі. Кульмінацыяй гэтага пятнічнага дня быў пакаянны Крыжовы Шлях вуліцамі горада, падчас якога паступова ад стацыі да стацыі людзі пераносілі вялікі драўляны крыж. Трэці дзень меў тэму “Высланыя ў хатні Касцёл”. У гэты дзень вернікі набліжалі да сваіх сэрцаў постаць Марыі – Жанчыны Эўхарыстыі. Увечары гэтага дня падчас Эўхарыстыі ўсе сужанскія пары парафіі аднавілі сужанскія абяцанні. Апошні дзень рэнавацыі меў тэму “Высланыя ў штодзённасць, каб даваць радаснае сведчанне веры”, падчас якога місіянеры заклікалі парафіянаў да радаснага сведчання іншым таго, што мы перажываем у касцёле. Завяршэннем рэнавацыі стала набажэнства Песняў жальбаў, падчас, якіх а. Анджэй прамовіў казанне, засяроджваючы ўвагу слухачоў на святым крыжы.
СПАСЫЛКА НА ВІДЭА КРЫЖОВАГА ШЛЯХУ
https://www.youtube.com/watch?v=VnGkv3u2ejc