11 сакавіка ў ФАК «Юнацтва» ў Смаргоні адбыўся трэці тур моладзевага праекта II «Бітва мікрараёнаў» — спартыўны. Тры каманды спаборнічалі ў міні-футболе, міні-баскетболе і ў спартландыі. Перад стартам трэцяга тура інтрыга ў праекце прысутнічала, і апісаць яе можна так — ці змогуць каманды «Непохожие» і «Black band» наблізіцца да каманды «VK», якая апярэджвала іх на 20 балаў? Трэці тур і адказаў на гэтае пытанне.
Спартыўную частку мерапрыемства раздзялілі на два этапы, а паміж імі для ўсіх удзельнікаў быў падрыхтаваны духоўны пасілак — разважанні Крыжовага шляху і святая Імша, а таксама пасілак фізічны. Падчас правядзення Крыжовага шляху, падрыхтаванага салезіанамі супрацоўнікамі, моладзь разважала над навукай любові Езуса і таямніцай Яго пакут.
У першым этапе, у якім каманды змагаліся ў міні-футболе і міні-баскетболе, перамогу ва ўсіх гульнях атрымала каманда «VK» (96 балаў), добра змагалася каманда «Blackband» (86 балаў), не зусім паспяхова прайшлі гульні для каманды «Непохожие» (76 балаў). Другі этап спартыўнага тура прайшоў у выглядзе дзесяці эстафет і двух дадатковых конкурсаў. Выдатна выступілі каманды «VK» (139 балаў) і «Непохожие» (138 балаў), добра паказала сябе каманда «Black band» (127 балаў).
Пераможцам спартыўнага тура стала каманда «VK» (235 балаў), другое месца ў каманды «Непохожие» (214 балаў), трэцяе — «Black band» (213 балаў). Па выніках трох тураў, яшчэ больш умацаваўшы свае пазіцыі, лідзіруе каманда «VK» з 640 баламі, далей з розніцай у адзін бал знаходзяцца каманды «Непохожие» (599 балаў) і «Blackband» (598 балаў).
Прыемным сюрпрызам для усіх удзельнікаў мерапрыемства стаў візіт на спартыўную пляцоўку дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — Аляксандра Яшэўскага SDB, які не толькі падтрымаў каманды добрымі словамі, але і прамовіў на канец традыцыйнае салезіанскае «слоўка на дабранач», правёў сумесную малітву і благаславіў усіх сабраных у спартыўнай зале.
Арганізатары II «Бітвы мікрараёнаў» выказваюць падзяку дырэктарам сярэдняй школы №1, гімназіі і сярэдняй школы №7 — Але Коваль, Ірыне Дурэйка і Аляксандру Джумкову за магчымасць трэніровак каманд падчас падрыхтоўкі да спартыўнага тура, таксама дырэктарам Смаргонскай СДЮШАР і ДЮСШ прафсаюзаў Валерыю Юрчанку і Алене Барташэвіч, якія прадаставілі інвентар для правядзення гэтага тура «Бітвы мікрараёнаў» і загадчыку сектара спорту і турызму Аляксандру Лобану, які прадаставіў спартыўную залу ФАК «Юнацтва».
Нагадаем, што першы тур моладзевага праекта адбыўся 14 студзеня. Чацвёрты, фінальны, тур II «Бітвы мікрараёнаў» — творчы, адбудзецца 22 красавіка бягучага года.