Зімовыя «Вакацыі з Богам» для дзяцей праходзілі 3 - 5 студзеня ў мінскім араторыі імя святога Яна Боско ў Мінску (Серабранка). На працягу трох дзён дзеці разам з арганізатарамі разважалі над тэмай «Святая сям’я, Касцёл і я», якая была раздзелена на тры падтэмы — тры важныя моманты ў станаўленні Святой сям’і і той, у якой жыве сучасны чалавек, у станаўленні Касцёла і месцы чалавека ў гэтых адносінах. Раскрывалася ідэя з дапамогай урыўкаў з мастацкага фільму, працы па групах, гульняў і разважанняў.
Каб дзеці змаглі данесці гэтыя тэмы да сваіх бацькоў і быць для іх маленькімі апосталамі, кожны раз напрыканцы працы па групах дзеці атрымлівалі хатняе заданне. Напрыклад, у другі дзень, калі дзеці разважалі над еднасцю, яны павінны былі вечарам сабраць усю сям’ю на гарбату за адным сталом.
Тэма першага дня «Звеставанне» была раскрыта з дапамогай урыўку з аднаіменнага фільму, які глядзелі дзеці. У працы па группах удзельнікі вакацый з дапамогай аніматараў разважалі над тым, чаму варта быць паслухмянымі. Казалі аб тым, каго павінны слухацца і якія пачуцці выклікае паслухмянасць. У выніку працы ўдзельнікі зрабілі выснову, што праз паслухмянасць можна прыйсці да радасці.
«Божае нараджэнне» — тэма другога дня. Удзельнікі вакацый разважалі над еднасцю, якая павінна прысутнічаць у жыцці, сем’ях і Касцёле. Таксама яны падкрэслілі, што жыццё, якое нараджаецца, — гэта плод еднасці. З дапамогай адмысловых гульняў дзеці ўбачылі, што еднасць вельмі важная ў камандзе, і, калі яны разам, то ўсё атрымліваецца.
Тэма апошняга дня — «Тры каралі». Разважанні былі скіраваны на тое, што кожны чалавек — гэта дар Божы. Казалі аб вартасці дзялення гэтым дарам. Таксама арганізатары запрасілі дзяцей паразважаць, што кожны з іх можа прынесці ў дар Богу падчас кожнай святой Імшы.
Такім чынам, разважанні на парцягу гэтых трох дзён дазволілі паглыбіцца ў сэнс дэвіза, які Генеральны настаяцель салезіянаў кс. Анхель Фярнандэс Арцімэ SDB прапанаваў для Салезіянскай сям’і на бягучы год: «Мы — Сям’я! Кожны дом — школа Жыцця і Любові!»