Галоўная Дзейнасць Навіны У салезіянскіх супольнасцях Беларусі адбылася кананічная візітацыя

У салезіянскіх супольнасцях Беларусі адбылася кананічная візітацыя

З 17 лютага па 05 сакавіка адбылася кананічная візітацыя ў салезіянскіх супольнасцях Беларусі, якую здзейсніў Рэгіянальны Настаяцель Рэлігійнай Каталіцкай Місіі «Таварыства св. Фрацішка Сальскага» кс. Віктар Гайдукевіч SDB.

Візітацыя паводле артыкулаў Канстытуцыі Таварыства — гэта момант братэрскай еднасці, сумеснага планавання душпастырска-выхаваўчай дзейнасці і час на асабістыя размовы з сабратамі дзеля больш эфектыўнай рэалізацыі салезіянскага паклікання на асабістым узроўні і на ўзроўні супольнасці. Асаблівым момантам увагі ксяндза-дэлегата падчас візітацыі з’яўляецца супольны клопат пра пакліканні і рэалізацыя харазмы кс. Боско ў месцах і сферах прысутнасці салезіянаў.

Структура візітацыйных сустрэч была падобная ва ўсіх салезіянскіх супольнасцях і парафіях. Першым і важным момантам візітацыі ў супольнасцях з’яўляюцца асабістыя размовы з кожным сабратам, каб выслухаць кожнага, вырашыць пытанні і абмеркаваць прапановы, каб па-братэрску падтрымаць кожнага сабрата ў рэалізацыі яго паклікання і выкананні паверанай яму функцыі. Свае прапановы для лепшай анімацыі жыцця кожнай лакальнай супольнасці і павышэння эфектыўнасці ў яе душпастырска-выхаваўчай працы настаяцель, альбо візітатар, застаўляе ў паслявізітацыйным пратаколе, які з’яўляецца важным дакументам для супольнасці і павінен быць узяты пад увагу ў далейшай працы. 

Салезіяне ніколі не працуюць самі, але заўсёды стараюцца ствараць пастаральныя каманды для больш эфектыўнай працы і ахаплення як мага большай часткі моладзі. Менавіта таму першымі і найважнейшымі супрацоўнікамі ў той жа харызме з’яўляюцца сёстры салезіянкі, дочкі Марыі Успамогі Хрысціянаў, якіх настяцель наведаў у супольнасці імя Святога Яна Боско ў Смаргоні і ў супольнасці імя Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў у Мінску. Падчас сустрэч з сёстрамі абмяркоўвалася далейшае супрацоўніцтва ў выхаваўчай працы і былі вызначаныя прыарытэтныя накірункі супрацоўніцтва на наступны год.

Асаблівай групай Салезіянскай сям’і з’яўляецца Аб’яднанне салезіянаў супрацоўнікаў — свецкія асобы, якія жывуць салезіянскім пакліканнем ў сям’і, грамадстве і ў месцах салезіянскай прысутнасці,  актыўна дапамагаючы працаваць у салезіянскай харызме дзеля дабра моладзі. Менавіта ім, салезіянам супрацоўнікам, кс. Боско перадаў адказнасць за справу выхавання ў той жа меры, як і сваім духоўным сынам. Падчас сустрэч і дыскусій з імі, паміж іншымі, абмяркоўвалася тэматыка духоўнай фармацыі і знешняга сведчання ў жыцці і рэалізацыі моладзевых праектаў. Дзякуючы добрай дынаміцы ў гэтай групе, былі заснаваны і ўжо распачалі пачатковую фармацыю новыя групы кандыдатаў у Аб’яднанне. Так адбылося ў салезіянскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлава, якая належыць да супольнасці ў Смаргоні, а таксама ў салезіянскай супольнасці імя Святога Дамініка Савіо ў Бараўлянах.

Візітацыя прадугледжвала таксама і сустрэчу з усімі парафіяльнымі суполкамі і малітоўнымі групамі. Варта адзначыць і тое, што былі праведзены сустрэчы з мясцовымі ўладамі рэгіёнаў, дзе працуюць салезіяне. Галоўнай тэматыкай такіх сустрэч было супрацоўніцства ў галіне выхавання моладзі і правядзенне супольных мерапрыемстваў для моладзі. Як паказвае практыка, такія сустрэчы з’яўляюцца важным аспектам у супольным клопаце пра выхаванне моладзі, будучыні грамадства і Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Не магла візітацыя прайсці без сустрэчы з тымі, дзеля каго кс. Боско заснаваў усю Салезіянскую сям’ю — з дзецьмі і моладдзю. Ёй надазена асаблівая ўвага. Таму візітатарам быў прызначаны час, каб разам з маладымі сустрэцца на супольнай малітве, паразмаўляць аб магчымых клопатах і радасцях моладзі і прыслухацца да таго, чым яна жыве, што яе непакоіць, каб лепш зразумець, што для яе важна.

У выніку візітацыі было прынята шмат рашэнняў. З мэтай большай эфектыўнасці працы з моладдзю прянята рашэнне стварыць у кожным салезіянскім араторыі Раду араторыя, якая будзе супарцоўнічаць з салезіянамі ў выхаваўча-душпастырскай працы. Плодам сустрэч з ужо існуючымі радамі араторыяў і супольных разважанняў стаў імпульс для стварэння так званай Рады моладзі ў Дэлегатуры. Менавіта гэтая група павінна стаць «маторам» і ініцыятарам агульнабеларускіх салезіянскіх акцый і мерапрыемстваў для моладзі.

На завяршэнне візітацыі кс. Віктар Гайдукевіч SDB і яго вікарый кс. Алег Жураўскі SDB, які праводзіў візітацыю ў салезіянскай супольнасці імя Святога Дамініка Савіо, ўдзялялі Божае благаслаўленне праз заступніцства Маці Божай Успамогі Хрысціянаў. 

Падзяліцца: