Хвалюючы і чаканы момант сустрэчы і дыялогу біскупа з вернікамі Бараўлянскай парафіі адбыўся ўвечары 11 сакавіка. Дарослыя і дзеці ў чаканні ксяндза-біскупа Юрыя стварылі жывы калідор са свечкамі ад вулічнай брамы да ўваходу ў капліцу, падрыхтавалі хлеб, соль і кветкі, і, канешне, чулыя словы на прывітанне свайго пастыра. Прадстаўнікі моладзі парафіі папрасілі біскупа не звяртаць увагі на пустыя далоні, з якімі парафіяне стаяць перад ім у капліцы, але ўбачыць іх сэрцы, убачыць іх справы, прагненні і веру. Прадстаўнікі касцёльнага камітэту, вітаючы біскупа, адзначылі сярод іншага, што з моманту заснавання парафіяльная супольнасць з некалькіх чалавек вырасла да дзвюх тысяч, але чым меней вольнага месца ў капліцы, тым бліжэй парафіяне адзін да аднаго. Агульную радасць святароў і парафіян ад сустрэчы з іерархам выказаў у сваёй прамове ксёнз-пробашч Казімір Шыдэлка SDB і запрасіў ксяндза-бікупа адчуваць сябе, як дома.


Затым у капліцы Маці Божай Успамогі Хрысціянаў адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. У сваёй гаміліі ён падзяліўся разважаннямі пра тое, што значыць вучыцца ў Хрыста і быць хрысціянамі ў сучасным свеце, што значыць выконваць волю Божую, нягледзячы на перашкоды, не палохаючыся асуджэння і незразумення. Прыкладам паслужыла гісторыя самой Бараўлянскай парафіі, за якой Яго Эмінэнцыя сочыць з пачатку асвячэння пляцоўкі пад будову капліцы. На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп адзначыў высокі узровень спеваў парафіяльнага хора і паслугі міністрантаў, дадаўшы, што ягоныя пахвальныя словы – гэта заахвочванне не спыняцца і не зніжаць планкі.


Сустрэча бікупа з удзельнікамі розных супольнасцяў і малітоўных рухаў, якія дзейнічаюць пры парафіях, адбылася адразу пасля святой Імшы. Засталіся не толькі самі ўдзельнікі, але і многія “звычайныя” парафіяне, хоць за вокнамі капліцы ўжо даўно было цёмна. Ва ўтульнай, цёплай атмасферы спаткання вернікі распавялі ксяндзу-біскупу аб сваёй дзейнасці, падзяліліся клопатамі і надзеямі, а на заканчэнне атрымалі пастырскае благаслаўленне.