23 красавіка ў парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў тэатральны гурток араторыя прадставіў пасхальны спектакль “Палахлівая авечка”.
Спектакль адзначаўся незвычайнасцю сюжэтнай лініі. Падзеі разгортваліся ва ўспамінах старога пастуха-хрысціяніна, якімі ён дзяліўся са сваёй унучкай, пераганяючы статак авечак каля зруйнаванага рымлянамі Ерузалема. Незвычайным было тое, што ў спектаклі не было ролі Езуса. Але, нягледзячы на гэта, гледачы маглі заўважыць, як Яго жыццё, дзейнасць, словы, смерць і ўваскрасенне адбіваліся на жыцці тагачасных жыхароў Ерузалема. Напрыклад, на дзецях, якія імкнуліся быць вучнямі Езуса, насуперак сваёй “палахлівасці” ў звычайных абставінах. Словы Хрыста запалілі ў іх душах маленькі агеньчык, які ярка ўспыхнуў у часы пераследу хрысціян рымлянамі. У пастаноўцы ўдала паказана таксама тое, што веру першых хрысціян не здолелі згасіць выпрабаванні, вязніцы, пакуты. “Наўрад ці яны калі-небудзь спыняцца…” – сумна прагучалі словы расказчыка напрыканцы п’есы. Многія гледачы адзначылі, што цяжка з імі не згадзіцца. Але ўсё ж такі апошнія рэплікі акцёраў “Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!” гучалі радасна і ўсялялі надзею.
Доўгія апладысменты поўнай залы гледачоў былі падзякай удзельнікам і кіраўніку тэатральнага гуртка за ўсе іх хваляванні, высілкі і працу, вынікам якіх стаў цудоўны пасхальны спектакль.