Галоўная Дзейнасць Навіны У парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах адзначылі парафіяльную ўрачыстасць

У парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах адзначылі парафіяльную ўрачыстасць

24 мая ў Бараўлянах адзначылі парафіяльную ўрачыстасць – свята Марыі Успамогі Хрысціянаў.

На свята прыехала шмат шаноўных гасцей на чале з біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB. Таксама прыехалі ксёндз дэкан Ян Крэміс, дырэктар нацыянальнага “Карытас” Віталій Дабраловіч, дырэктар мінскага “Карытас” брат Андрэй Жылевіч OFMCap, пробашч парафіі св. Казіміра ў Лагойску кс. Войцех Вальчына MSF.

Распачалася св. Імша з працэсіі, у якой прайшлі таксама дзеці, якія нядаўна прынялі першую Святую Камунію.

На распачацце цэлебрацыі да ўсіх прысутных з прывітальным словам звярнуўся рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Кс. Віктар выказаў вялікую ўдзячнасць усім святарам, асабліва шаноўнаму біскупу Аляксандру, за прысутнасць на парафіяльнай урачыстасці. Ксёндз дэлегат звярнуў увагу на вялікую пашану заснавальніка салезіянскага таварыства святога ксяндза Боско да Марыі Успамогі Хрысціянаў.

Біскуп Аляксандр прамовіў гамілію, у якой распавёў гісторыю з’яўлення тытула “Марыя Успамога Хрысціянаў”, адзначыўшы, як культ Марыі Успамогі распаўсюджваўся па свеце. Іерарх таксама спыніўся на вялікай павазе святога Яна Боско да Марыі Успамогі. Біскуп Аляксандр зачытаў урыўкі з лістоў святога, у якіх гучалі наступныя словы: “Шукайце дапамогі Успамогі Хрысціянаў і будзьце ўпэўненымі, што Яна можа вам дапамагчы больш чым лекары!”. “ Марыя з’яўляецца Успамогай Хрысціянаў таму, што абараняе нас ад ворагаў, як знешніх, так і ўнутраных. Марыя Успамога Хрысціянаў з’яўляецца магутнай абаронай, жудаснай для тых, хто хоча супрацьставіцца яе справам і ўсемагутнай для тых, хто знаходзіцца пад Яе плашчом.”

Напрыканцы святой Імшы пробашч парафіі ксёндз Казімір Шыдэлко SDB падзякаваў парафіянам за супольную малітву і запрасіў да ўдзелу у святочнай працэсіі вакол капліцы, падчас якой маліліся літаннію да Марыі Успамогі Хрысціянаў.

Пасля супольнай малітвы святары і парафіяне перайшлі ў будынак араторыя, дзе дзеці, якія займаюцца ў моладзевым цэнтры культуры і мастацтваў імя св. Фр. Сальскага, прадставілі святочны канцэрт у гонар Маці Божай.

 

Падзяліцца: