На пачатку Эўхарыстыі ўсіх сабраных прывітаў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. Пробашч парафіі кс. Аляксандр Мятліцкі SDB падзякаваў арцыбіскупу за гатоўнасць перажыць моладзевы фэст і юбілей утварэння дэлегатуры разам з салезіянскай сям’ёй.
Пад час казання біскуп Юзаф узгадаў, што святы Ян Боско называў дзяцей і моладзь надзеяй і будучыняй Касцёла: “Ім трэба прысвяціць свой час, з імі трэба быць, вучыць іх і прыслухоўвацца да таго, аб чым яны размаўляюць, пра што іх думкі. Іх сапраўды трэба весці ў гэты Божы свет, там, дзе любоў і прабачэнне, там, дзе радасць і хвала, там, дзе “Laudato si” , там, дзе хвала Богу за ўсё, чым ён нас адарыў” . Біскуп падкрэсліў, што мы павінны радавацца ўсяму таму, чым Бог нас адарыў, але таксама імкнуцца захаваць усю прыгажосць для будучых пакаленняў.
Напрыканцы іерарх звярнуўся з заклікам да моладзі і парафіянаў: “У мяне ёсць да вась просьба: трымайцеся Пана, з Ім мы ўсё пераадолеем, атрымаем і зялёныя лугі, поўныя хлябоў, і аздараўленне хворых, і ўваскрашэнне. Калі мы пойдзем гэтай сцяжынкай да збаўлення, якой ідзем, і калі мы пойдзем праз церні нашых праблем, нашых перажыванняў, то тады асаблівым чынам трэба памятаць: Ён з намі, Ён нам дапамагае, бо Ён прыйшоў да нас і прыняў нашае людское цела, каб навучыць нас, як гэта ўсё пераадолець! Таму няхай нашыя сэрцы і вусны пяюць сёння аб гэтым прыгожым Божым свеце”.
Пасля Імшы моладзь накіравалася ў араторый, які дзейнічае пры парафіі. Там маладыя людзі гулялі ў спартыўныя гульні, танчылі бансы і дзяліліся ўражаннямі ад фэсту. Перад абедам моладзь са Смаргоні пад кіраўніцтвам ксяндза Міхаіла Радзевіча SDB паказала прыгожую сцэнку аб Божай неабсяжнай любові, накіраванай да кожнага чалавека.
На завяршэнне сустрэчы са слоўкам да прыстуных звярнуўся дэлегат ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. Настаяцель салезіянаў разам з моладдзю разважаў, як важна быць сапраўдным у гэтым свеце, любіць па-сапраўднаму, беручы на сябе адказнасць, быць шчырым у сваіх адносінах і быць шчырым перад самім сабой і таксама патрабаваць ад сябе. “Што дадзім мы пасля гэтых дзён моладзі? Што дадзім мы брату, сястры, бацькам, сябрам, вярнуўшыся ў свае парафіі? Што дадзім сябрам на вучобе, на працы? Калі застанецца ўсё тое самае і ні на ёту мы не зрушымся, задаюся пытаннем “навошта мы сустрэліся ў гэтыя дні? Які з гэтага “выхлап”, якое КПД гэтай сустрэчы?” Таму будзьце адважнымі, не бойцеся, адкрывайце сваё сэрца”, – падбадзёрыў кс. Павел удзельнікаў сустрэчы.
А пасля абеду і перад тым, як усе накіраваліся па дамах, моладзь атрымала невялікі сюрпрыз з нагоды юбілею салезіянскай дэлегатуры на Беларусі – капкейкі з салезіянскім лагатыпам.
Гэтыя дні моладзі далі старт канцэпцыі Зялёнай парафіі, якая будзе рэалізоўвацца ў салезіянскіх супольнасцях Беларусі сугучна з энцыклікай Папы Францішка і сучаснымі тэндэнцыямі аховы навакольнага асяроддзя.