Сустрэча распачалася вячэрай у доме сясцёр салезіянак.
На сустрэчу была запрошана сястра Барбара Сайнок, якая цікавым спосабам прапанавала правесці знаёмства.
Разам з сястрой Барбарай дзяўчаты мелі магчымасць паразважаць над тэмай ”Як дасягнуць мэты?”. Удзельніцам было прапанавана 12 пунктаў, якія змогуць дапамагчы, каб рэалізаваць якую-небудзь канкрэтную мэту ў жыцці. Сястра нагадала, што кожны з гэтых пунктаў вельмі важны і кожны з іх патрабуе асабістай працы і дапамогі іншых людзей.
Праз розныя моманты - малітву, пустыню, вясёлы вечар - дзяўчаты мелі магчымасць добра і плённа правесці час, а таксама лепш пазнаёміцца паміж сабой.
Падчас слоўка на добрую ноч с.Тэрэса Сольнічэк FMA распавяла дзяўчатам пра жыццё благаслаўлёнай Лаўры Вікуніі, падкрэсліваючы яе духоўную прыгажосць і заклікаючы наследваць яе ў чысціні і ахвярнасці ў паўсядзённым жыцці.
Напрыканцы сустрэчы дзяўчаты мелі магчымасць выказацца і падзяліцца сваімі ўражаннямі. Дзяліліся тым, што перажылі і ў чым ўпэўніліся. Падчас дзялення думкамі не аднойчы гучала, што вельмі карысна мець канкрэтную мэту ў жыцці, каб дасягнуць адзінай мэты веруючага хрысціяніна – святасці.