“Клуб святога Дамініка Савіо” распачаў сваю дзейнасць у араторыі два гады таму, за гэты час ён сабраў пад сваім дахам 18 падлеткаў. У гэтым годзе да іх далучыліся яшчэ 8 хлопцаў і дзяўчат, якіх усе радасна прывіталі ў сям'і “Савіо-клуба”.
Удзельнікі прыйшлі на сустрэчу са сваімі бацькамі. Усіх сустракалі кс. Павел Шчарбіцкі SDB, с. Дар'я Еўтухоўская FMA і аніматары “Савіо-клуба”. Шмат цікавага чакала ўдзельнікаў і гасцей: і сумесная малітва, і спевы, і конкурсы, і прэзентацыя, якая прадставіла мінулыя сустрэчы, і салодкі пачастунак, і гутарка з бацькамі.
Гэта сустрэча дала добры старт для далейшай сумеснай дзейнасці дзяцей, духавенства, аніматараў і бацькоў па дарозе да святасці разам са святым Дамінікам Савіо. Наперадзе ўсіх чакае шмат цёплых сустрэч, выездаў і розных незвычайных прыгод сярод сяброў.