У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш падкрэсліў, што месяц май з’яўляецца марыйным не толькі таму, што традыцыйна ў ім мы молімся Ларэтанскай літаніяй, але таксама і таму, што гэта адзіны ў годзе месяц, калі Касцёл ажно тры разы адзначае марыйнае свята. Менавіта, 13 мая Божай Маці Фацімскай, 24 мая – Марыі Успамогі Хрысціянаў і 31 мая – Адведзіны Марыяй святой Альжбеты.
Набажэнства ў гонар Божай Маці Успамогі Хрысціянаў сваімі каранямі сягае першых стагоддзяў хрысціянства, і было вельмі моцна развіта святым Янам Боско, які выбраў Яе за апякунку заснаванай ім салезіянскай супольнасці.
Шматлікія тытулы Марыі сведчаць пра нашу любоў і пашану да Божай Маці. Пад рознымі імёнамі адна і тая ж Маці заступаецца за вернікаў, якія пілігрымуюць да Яе і даручаюць ёй свае просьбы і клопаты.
У наш час вельмі небяспечных выклікаў і страху за будучыню, калі свет паволі знішчае сябе, а Касцёл, як карабель Пятра, знаходзіцца на ўзбураных хвалях акіяну амаральнасці, усё часцей паўстае пытанне: у каго шукаць дапамогі? Касцёл указвае на Хрыста і Марыю, як Успамогу хрысціянаў. Паводле візіі святога Яна Боско, неабходна прышвартавацца да дзвюх калон – Эўхарыстыі і Марыі – Успамогі Хрысціянаў.
Сёння мы дзякуем Богу за тое, што ў асобе Марыі даў нам Маці, якая заступаецца за нас. Але ці Марыя займае належнае месца ў нашым жыцці і ці верым мы ў Яе заступніцтва?
У постхрысціянскай культуры часовасці, якая стварае пачуццё няўпэўненасці ў заўтрашнім дні і фарміруе недавер да іншых людзей, Марыя выбрала не часовасць, але вечнасць. Яна выхоўвае нас да таго, каб мы па Яе прыкладу зрабілі канчатковы выбар. Менавіта, не імкунуліся да часовых задавальненняў і матэрыяльных каштоўнасцяў, але клапаціліся пра духоўныя, а таксама служылі бліжнім. У Божым плане Валадарыць азначае служыць і дапамагаць патрабуючым.
Хрыстус стаў Каралём, бо прынізіў сябе і стаў слугою збаўлення. Марыя стала Каралевай, бо яна Слуга Пана і бліжняга.
Калісьці, калі не было прывычных нам гадзіннікаў, у цэнтры горада ставілі так званы сонечны гадзіннік, каля якога быў напіс: “Час мінае, а вечнасць чакае”. Аб гэтым вельмі добра нагадвае канец Велікоднага перыяду, калі мы ўспамінаем Унебаўшэсце Езуса з мэтай падрыхтаваць нам месца ў Божым Валадарстве і паслаць Святога Духа, каб вёў нас дарогай збаўлення.
Гамілію арцыбіскуп Тадэвуш завяршыў кароткай малітвай-заклікам: “Марыя, Успамога Хрысціянаў, выпрасі ў свайго Сына ласку па твайму прыкладу быць паслухмянымі натхненням Святога Духа і не зацыклівацца на часовых справах, але шукаць вечных, каб потым радавацца з табою радасцю вечнага шчасця ў небе”.
Пасля Імшы адбылася працэсія вакол касцёла з фігурай Божай Маці Успамогі Хрысціянаў. Працяг свята адбыўся на супольнай вячэры арцыбіскупа Тадэвуша з салезіянамі і моладдзю. На канец вечара арцыбіскуп Тадэвуш, ведаючы салезіянскую традыцыю, пакінуў для ўсіх “думку на добрую ноч”, пасля якой наступіў момант супольнай малітвы.