Святкаванне распачалося ўрачыстай Святой Эўхарыстыяй, у часе якой пробашч парафіі кс. Аляксандр Мятліцкі SDB звярнуў увагу прысутных на важнае пытанне: чалавека пэўнай прафесіі можна лёгка пазнаць па вопратцы, па знешніх дэталях, а па якіх прыкметах адрозніць хрысціяніна? Самым важкім і сапраўдным з’яўляецца тое, што ў чалавека ў сэрцы: яго ўчынкі і адносіны. Менавіта шчырае сэрца з’яўляецца адметнай рысай хрысціяніна.
Падчас святой Імшы новыя ўдзельнікі “Савіо-клуба”, які ўжо шмат год існуе пры араторыі св. Яна Боско пры парафіі, склалі свае абяцанні жыць па прыкладзе св. Дамініка Савіо, а падлеткі, якія ўжо два гады ідуць па жыцці разам з гэтым святым, свае абяцанні аднавілі. Вельмі кранальным было ўжо стаўшае традыцыйным у “Савіо-клубе” ўручэнне “Дыпломаў выпускніка”. Сямёра падлеткаў атрымалі дыпломы з рук ксяндза пробашча Аляксандра і сястры Ірыны Барцэвіч FMA.
Другая частка святкавання адбылася на тэрыторыі каля святыні. “Савікі” (удзельнікі “Савіо-клуба”) падрыхтавалі цікавыя стэнды, на кожным неабходна было выканаць пэўнае заданне. Дзеці парафіі з вялікай зацікаўленасцю ўключыліся ў справу атрымання “савікаў” (квіточкаў), з дапамогай якіх можна было атрымаць патрэбную фарбу і дабавіць патрэбны колер на агульны стэнд. І толькі разам дзеці змаглі зрабіць рознакаляровы надпіс, які нагадаў усім рэцэпт святасці: “Радасць. Добрыя ўчынкі. Выкананне абавязкаў”.
Сапраўдным падарункам усім быў удзел ва ўрачыстасці гурта “Боско Бэнд”, удзельнікі якога на працягу ўсяго святкавання радавалі прысутных прыгожай музыкай і спевамі, праслаўляючы ў іх Пана Бога.
Заключным момантам святкавання стаў салодкі стол, які яшчэ больш узняў настрой усім прысутным дзецям, а дарослыя дзякавалі Пану Богу за цудоўнае надвор’е, якое так дапамагала ўзнёсламу святочнаму настрою.