Галоўная Дзейнасць Навіны У Мiнску адбылося свята ў гонар 100-годдзя прысутнасцi салезiянаў у Беларусi

У Мiнску адбылося свята ў гонар 100-годдзя прысутнасцi салезiянаў у Беларусi

17 кастрычніка 2021 года ў Мінску адзначылі юбілей 100-годдзя прысутнасці салезіянаў у Беларусі.

Святкаванне распачалося ўрачыстай св. Імшой а 10 гадзіне, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB, які шмат гадоў нёс паслугу ў парафіі св. Яна Хрысціцеля і таксама быў дырэктарам супольнасці салезіянаў у Мінску. Напачатку св. Імшы пробашч парафіі і дырэктар супольнасці салезіянаў у Мінску кс. Аляксандр Мятліцкі SDB прывітаў усіх, хто далучыўся да святкавання, і адзначыў вартасць кожнага ўдзельніка. 

Сваю гамілію біскуп Аляксандр распачаў такімі словамі: “З сэрцам, напоўненым удзячнасцю, стаю сёння каля алтара Хрыста, каб скласці Найсвяцейшую Ахвяру, дзякуючы Богу за стогадовае служэнне маёйго умілаванайга салезіянскага Таварыства ў нашай краіне". Іерарх адзначыў, што гэтыя сто год былі вельмі няпростымі, напоўненымі шматлікімі цяжкасцямі і ахвярамі. Памятаючы пра гэта і аддаючы пашану мінулым пакаленням, варта накрэсліць шлях на будучыню, на наступнае стагоддзе. А дзеля таго, каб прайсці гэты шлях добра, трэба стаць сапраўдным вучнем Хрыста. А каб стаць сапраўдным вучнем Хрыста, ёсць некалькі сродкаў: па-першае, неабходна ставіць Езуса на першае месца і аддаваць Яму пашану, наступны сродак – гэта крыж, які трэба прымаць, як гэта рабілі салезіяне, замучаныя да смерці на нашых землях. Свой крыж трэба несці, а гэта значыць садзейнічаць свайму збаўленню. Сродкам супраць духоўнай ляноты з’яўляецца святая Імша, якая яднае нас з Хрыстом і дапамагае трымацца каля Яго. Наступным сродкам для таго, каб стаць вучнем Хрыста, з'яўляецца неабходнасць адмовіцца ад усіх зямных дабротаў і ад празмернага клопату пра іх. Сродкам жа супраць пыхі біскуп Аляксандр назваў Марыю, якая з’яўляецца ўзорам пакоры.

“Вядома, мы недасканалыя і ніколі не будзем такімі, але разам, бо мы складаем вялікую сям’ю, мы павінны змагацца праз крыж, праз Імшу, з Марыяй, каб аддаць перавагу вечнаму жыццю перад зямным.

Няхай гэтую ласку ў Бога Усемагутнага выпрасяць нам тыя святыя сабраты салезіяне, якія апярэдзілі нас у служэнні на нашай беларускай зямлі, а Марыя Успамога Хрысціянаў няхай абараняе, дапамагае і ахоўвае нас у зямным і вечным жыцці. Няхай так будзе! Амэн!” – такія пажаданні выказаў сваім сабратам і ўсім сабраным біскуп Алаксандр у завяршэнні сваёй гаміліі.

На прыканцы св. Імшы кс. Аляксандр Мятліцкі SDB выказаў словы падзякі біскупу Аляксандру за яго прысутнасць на ўрачыстасці. Адзначыў, што для гэтай парафіі і моладзі біскуп Аляксандр шмат зрабіў і працягвае цяпер гэта рабіць. Падзякаваў сваім сабратам салезіянам – кс. Алегу Каралёву SDB і кс. Артуру Ляшнеўскаму SDB за іх ахвярнае служэнне на карысць моладзі, а таксама парафіі. Выказаў словы падзякі ўсёй салезіянскай сям’і: салезіянам супрацоўнікам, салезіянскім аніматарам і таксама тым, хто якім-небудзь чынам дапамагае несці харызму св. Яна Боско. 

Біскуп Аляксандр падкрэсліў, што вельмі рады святкаваць урачыстасць у прысутнасці, у якой калісьці служыў святаром. Таксама падзякаваў святарам салезіянам і ўсёй салезіянскай сям’і ў Мінску за цяперашняе служэнне моладзі і патрабуючым. Пажадаў апекі Марыі Успамогі Хрысціянаў на новае стагоддзе прысутнасці салезінаў і далейшую гісторыю. 

Пасля св. Імшы быў зроблены агульны фотаздымак. Таксама каля касцёла быў пасаджаны дуб – дрэва, якое стане напамінам аб 100-ддзi прысутнасці салезіянаў у Беларусі. 

Працяг урачыстасці адбыўся ў араторыi, дзе кожнага чакала цікавая праграма. Усе змаглі ўбачыць, як салезіяне распаўсюджваліся па ўсім свеце і нарэшце ў 1921 годзе прыехалі ў Беларусь. Напачатку свята быў прадстаўлены ўрывак місіянерскага сну кс. Боско, у якім ён бачыць, у якія краіны паедуць салезіяне служыць моладзі. Былі прадстаўлены такія месцы, як Патагонія, Кітай, Афрыка, Еўропа і сама Беларусь. Каб пазнаёміцца з кожнай краінай, былі падрыхтаваны салезіянамі супрацоўнікамі, аніматарамі, моладдзю разам з салезіянамі і сёстрамі салезіянкамі цікавыя гульні, спевы, танцы і тэатральныя пастаноўкі. Таксама на свята быў запрошаны фокуснік. Сюрпрызам падчас свята быў прагляд фільма “Ахопленыя надзеяй”, які апавядае гісторыю салезіянаў на Беларусі з 1921 года і па сённяшні дзень. 

Кс. Аляксандр Мятліцкі SDB адзначыў: “Сёння мы адзначаем два стагоддзі: тое, якое скончылася, і тое, якое мы сёння распачынаем”. 

На канец свята ўсе разам памаліліся праз заступніцтва Марыі Успамогі аб неабходных ласках на далейшы шлях.

Падзяліцца: