Першы дзень сустрэчы распачаўся сумеснай малітвай, пасля якой дзяўчаты змаглі пазнаёміцца пад час вячэры.
Працягнулася сустрэча канферэнцыяй, пад час якой дзяўчатам было паказана відэа, звязанае з тэмай. Пасля была канферэнцыя Таццяны Лазаравай, якая расказала дзяўчатам пра іх годнасць і паказала формулу любові. Яна складаецца з шасці кампанентаў: сяброўства, свабоды, адказнасці, запала, вернасці (даверу) і прысвячэння сябе іншаму. Напрыканцы канферэнцыі, якая праходзіла ў форме дыялогу, дзяўчаты даведаліся пра пункты гатоўнасці да адносін.
Слоўка на добрую ноч прамовіла с. Валянціна Кот FMA. Сястра прапанавала ўдзельніцам сустрэчы некалькі пытанняў, з дапамогай якіх можна было зрабіць рахунак сумлення.
Другі дзень сустрэчы распачаўся з ютрані. Потым з дапамогай с. Тэрэсы Сольнічэк FMA дзяўчаты змаглі паразважаць над урыўкам з Евангелля, у якім распавядалася прыпавесць пра дзесяць паннаў. Сустрэча скончылася асабістым разважаннем над Евангеллем.