25 лютага ў мінскім араторыі пры парафіі Святога Яна Хрысціцеля адбыўся карнавал для моладзі пад назвай «Грамадзяне Неба».
Менавіта ў гэты дзень адзначалася свята салезіянскіх першамучанікаў свв. Калікста Караварыё і Алаізія Версіліі, якія аддалі сваё жыццё, каб абараніць годнасць катэхэтак. Падчас святой Імшы кс. Павел Шчарбіцкі SDB, звяртаючы ўвагу на прыклад гэтых святых, падкрэсліў, як важна распазнаць сапраўдную каштоўнасць сяброўства і любові. На жаль, у сённяшнім свеце вельмі часта любоў атаясамліваюць з валоданнем, якое насамрэч толькі забірае свабоду чалавека і не дае сапраўднай радасці. Ксёндз Павел заўважыў таксама, што не трэба чакаць, пакуль з’явіцца нейкі асаблівы чалавек, каб падзяліцца з ім сваёй любоўю і дабрынёй. Кожны дзень мы сустракаем шмат людзей, якія прагнуць нашай усмешкі, добрага слова ці пяшчотнага позірку. Трэба вучыцца паказваць сваю любоў у дробязях, а таксама ўмець яе прымаць. Святар заклікаў распачаць са сваёй сям’і: бацькі, маці, брата, сястры, са сваіх сяброў і знаёмых — і потым прыйдзе зразуменне, што атрымаў намнога больш любові, чым чакаў. «Любі ўжо сёння! Адкрый сваё сэрца для любові!» — дадаў салезіянін.
Сустрэўшыся з Езусам у Эўхарыстыі, моладзь накіравалася ў араторый. Кожны ўдзельнік карнавалу быў у вобразе святога. Так, напрыклад, можна было сустрэць св. Яна Боско, св. Маці Тэрэзу, бл. Лауру Вікунью, св. Аўгустына і інш. Падчас свята моладзь праз гульні даведалася пра жыццё і дзейнасць святых, вобразы якія ўдзельнічалі ў карнавале. Пасля асноўнай часткі карнавалу ўсіх запрасілі на дыскатэку. Свята завяршылася малітвай і слоўкам на дабранач, у якім кс. Павел Шчарбіцкі SDB падкрэсліў, што чадавек можа быць па-сапраўднаму шчаслівы ўжо тут на зямлі, толькі калі ён напоўнены сапраўднай любоўю, крыніцай якой з’яўляецца Бог.
У нядзелю на карнавальную праграму «Карнавал-маскарад у краіне святасці» былі запрошаны дзеці. Падчас святой Імшы кс. Аляксандр Мятліцкі SDB дапамог дзецям і дарослым больш зразумець, што людзі не павінны ставіць на першае мейсца матэрыяльныя рэчы, а спачатку клапаціцца пра справы Божыя і лёс Божага Валадарства на зямлі, усё іншае ж атрымаем ад Бога.
На ўваходзе ў араторый дзяцей сустракаў святы Пётр, які расчыняў дзверы ў незвычайную краіну. А анёл дапамагаў дзецям добра адчуваць сябе ў краіне святасці і сустрэцца з салезіянскімі святымі. Маленькія вернікі са сваімі бацькамі з задавальненнем прымалі ўдзел у гульнях, танчылі, спявалі і ўдзельнічалі ў конкурсах. А «слоўка на дабранач» расказалі салезіянскія святыя ў інтэрвью анёлу. Яны падзяліліся ведамі пра святасць і карнавал. Святыя падкрэслілі, што святасць дасягаецца праз уменне заўважаць і дзякаваць за тое, што вакол нас, праз простыя жэсты і выкананне абавязкаў у паўсядзённым жыцці. Святасць асноўваецца на тым, каб дазволіць Богу весці кожнага з нас. Неабходна даверыцца Яму ўсім сваім сэрцам, не баяцца і не перашкаджаць, дазволіць Яму дзейнічаць у нашым жыцці. Святы Ян Хрызастом, ролю якога выконваў адзін з арганізатараў карнавалу, падкрэсліў: «Я не загадваю вам пераносіцца ў горы, ці ў пустыні, але заклікаю вас, жывучы ў цэнтры вялікага горада, быць добрымі, лагоднымі і стрыманымі людзьмі».