Галоўная Дзейнасць Навіны У Дзятлаве адзначылі 100-годдзе прысутнасці салезіянаў на Беларусі

У Дзятлаве адзначылі 100-годдзе прысутнасці салезіянаў на Беларусі

17 кастрычніка ў дзятлаўскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, як і ў кожнай салезіянскай парафіі ў гэты дзень, святочна адзначылі 100-годдзе прысутнасці айцоў салезіянаў на беларускай зямлі.  

Святую Імшу ўзначаліў Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец. Іерарх цэлебраваў Эўхарыстыю ў інтэнцыі салезіянаў, якія працуюць на беларускай зямлі, а таксама ў інтэнцыі  ўсіх парафіянаў.

Падчас сваёй прамовы бп. Казімір звярнуў увагу на тыя крыніцы, праз якія мы можам набліжацца да Бога, сярод якіх найбольш увагі надзяліў Бібліі і навуцы. Прывёўшы некалькі прыкладаў вялікіх навукоўцаў, якія не ўяўлялі свайго жыцця і існавання без Бога і малітвы, біскуп падкрэсліў, што такія дасягненні і вернасць свайму шляху былі б немагчымыя без штодзённай малітвы. Мудрасць, любоў і святасць - гэтыя тры простыя, але такія глыбокія паняцці шмат разоў падкрэсліваліся, як тое, да чаго мы павінны імкнуцца штодня. Каб мець на гэта духоўныя сілы, трэба кожны дзень пачынаць з малітвы і напрыканцы дня таксама прысвячаць свой час сустрэчы з любячым Айцом. Найпрыгажэй, калі гэта будзе час малітвы ў сямейным коле. 

Напрыканцы Імшы парафіяне падзякавалі бп. Казіміру за яго жаданне перажыць гэтае свята разам з імі і склалі найлепшыя пажаданні і шчырую падзяку на рукі свайго пробашча кс. Здзіслава Пікулы SDB за яго адданае служэнне і любячае айцоўскае сэрца.

Падзяліцца: