Галоўная Дзейнасць Навіны У Бараўлянскай парафіі адбыўся тэатралізаваны Крыжовы шлях

У Бараўлянскай парафіі адбыўся тэатралізаваны Крыжовы шлях

У пятніцу, 27 сакавіка, на перадапошнім тыдні Вялікага посту ў Бараўлянскай парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў адбыўся тэатралізаваны Крыжовы шлях пад назвай «Сучаснасць — новыя грахі». Пастаноўку падрыхтавала сястра Марцэліна Мігач ISSM.

Падчас інсцэніроўкі пакутаў Езуса ўдзельнікі не толькі разважалі над Яго цярпеннямі, але і мелі магчымасць убачыць небяспекі і выклікі, якія сучасны свет ставіць перад чалавекам. Сённяшняя рэчаіснасць прапануе шмат новых спосабаў страціць еднасць з Богам і сысці з дарогі сапраўднага хрысціянскага жыцця — менавіта на гэта звяртала ўвагу пастаноўка.

Тэатралізаваныя Крыжовыя шляхі ўжо сталі добрай традыцыяй у бараўлянскай парафіі. Сёлета гэтае набажэнства сабрала не толькі мясцовых вернікаў, але і гасцей з іншых парафіяльных супольнасцей. Падзея дапамагла ўдзельнікам глыбей перажыць духоўны час Вялікага посту і лепш падрыхтавацца да галоўнага хрысціянскага свята — Уваскрасення Пана.

Напрыканцы ксёндз д-р Віктар Гайдукевіч SDB падкрэсліў вялікую духоўную вартасць удзелу ў такіх набажэнствах, асабліва ў перыяд Вялікага посту, і выказаў шчырую падзяку ўсім, хто ўдзельнічаў у падрыхтоўцы інсцэніроўкі.

Уладзіслаў Зарэцкі ASSCC

фото ANNA KOMYAKOVA

Падзяліцца: