24 мая 2025 года ў Бараўлянах адзначылі парафіяльнае свята Маці Божай Успамогі Хрысціянаў. Пад час свята двухгодзе свайго стварэння адзначала мясцовая суполка ADMA (Асацыяцыі Марыі Успамогі), якая з'яўляецца часткай салезіянскай сям'і. Асаблівасцю суполкі ў Бараўлянах з’яўляецца яе сямейны тып: членамі ADMA становяцца муж разам з жонкай. Пад час урачыстай Імшы ўдзельнікі ADMA аднавілі свае абяцанні і таксама да іх далучылася 8 новых удзельнікаў.
Асаблівасцю свята стаў удзел у ім першакамунійных дзетак, якія завяршалі белы тыдзень і прыйшлі на ўрачыстасць у белым убранні.
Урачыстую Імшу ўзначаліў пробашч парафіі ксёндз Казімір Шэдэлко SDB. А з казаннем да сабраных звярнуўся рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. Cвятар асабліва падкрэсліў важнасць даверу Маці Божай. Гледзячы на жыццё святога Яна Боско, варта адзначыць, што яго шлях быў вельмі няпростым, ён перажыў шмат выпрабаванняў, жыў у час, калі Касцёл не быў у пашане, знаходзіўся пад пэўным уціскам і пераследам. Але давер да Марыі Успамогі дапамог святому пераадолець усе цяжкасці, перашкоды і ўчыніць вялікія рэчы для збаўлення моладзі. Ян Боско пачаў распаўсюджваць культ Марыі Успамогі. Святы казаў: “Часы настолькі цяжкія, што нам сапраўды патрэбна, каб Найсвяцейшая Дзева дапамагала нам захаваць і абараніць хрысціянскую веру”. У складанай сітуацыі ксёндз Боско паклікаў Успамогу, каб рабіць вялікія рэчы, і заўсёды падкрэсліваў, што ўсё, што было зроблена, зрабіла менавіта Марыя, а не ён сам. Таксама і нам сёння варта з верай, як калісьці рабіў святы Ян Боско, узносіць свае малітвы да Марыі Успамогі, каб і мы маглі сказаць, што Марыя ўчыніла вялікія рэчы ў нашым жыцці.
Пасля Імшы ўсе былі запрошаны на пачастунак у араторый, які дзейнічае пры парафіі.
Уладзіслаў Зарэцкі ASSCC