Галоўная Дзейнасць Навіны У Бараўлянах святочна адзначылі урачыстасць святога Яна Боско

У Бараўлянах святочна адзначылі урачыстасць святога Яна Боско

1 лютага ў салезіянскай парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах святочна адзначылі урачыстасць святога Яна Боско, заснавальніка і заступніка салезіянскай сям’і. Свята распачалося са святой Імшы, якую ўзначаліў дырэктар рэлігійнай місіі «Таварыства Святога Францішка Сальскага» ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB.

У гаміліі кс. Віктар разважаў над Евангеллем, ён падкрэсліў што вельмі сімвалічна што менавіта словы Хрыста аб благаслаўленнях ўзгадваюцца ў Евангеллі ў дзень, калі мы ўшаноўваем святога, які ўсё жыццё прысвяціў збаўленню моладзі.

Нагорная прамова называецца «канстытуцыяй новага Валадарства». Езус не абяцае жыцця без цяжкасцей — наадварот, Ён называе шчаслівымі тых, хто знаходзіцца ў цэнстры чалавечых пакут: бедных, плачучых, прагнучых справядлівасці, міратворцаў. Гэта не ідэал для назірання, а запавед жыцця ў рэальнасці, дзе ёсць боль і нясправядлівасць. Божае благаслаўленне — гэта падтрымка, якая дапамагае прайсці праз цяжкасці, не зламаўшыся і не страціўшы любоў.

Святы Ян Боско стаў для хлапцоў з беднага Турына жывым увасабленнем гэтай «канстытуцыі». Ён не чытаў маралі, а канкрэтна дапамагаў:

  • Бедным— даваў прытулак, ежу, адукацыю і рамяство.
  • Тым, чый голас не чуюць— вяртаў годнасць і магчымасць быць пачутым у Араторыі.
  • Прагнучым справядлівасці— даваў інструменты, каб змяніць свой лёс.
  • Тым, хто змагаецца за чысціню сэрца— прапаноўваў сяброўства, малітву і падтрымку супольнасці.

Ян Боско пераклаў слова Хрыста на мову дзейнасці, стаўшы для кожнага хлопца знакам таго, што Бог бачыць яго пакуты і ідзе яму насустрач.

Напрыканцы гаміліі звяртаючыся да сабраных кс. Віктар прамовіў такія словы: “І няхай салезіянская харызма дапаможа нам — салезіянскай сям’і і ўсім, хто жыве духам ксяндза Боско, — зрабіць адну простую, але радыкальную рэч: стаць для моладзі і для тых, каго жыццё прыпёрла да сцяны, не маралістамі і не суддзямі, а жывым благаслаўленнем. Людзьмі, праз якіх Бог кажа: “Ты не адзін. Ты не зламаны. Ты не страчаны. Ты яшчэ можаш. І Я цябе віншую, што ты не здаўся”.”

Пасля перад алтаром абяцанні аніматара склалі тры новых кандыдата і адзін новы аніматар, маладыя людзі паабяцалі Богу і Касцёлу служыць дзеля дабра дзяцей і моладзі ў духу святога Яна Боско. Таксама аднавілі свае абяцанні жыць згодна з праграмай апостальскага жыцця прадстаўнікі трэцяй галіны салезіянскай сям’і – салезіяне супрацоўнікі.

Калі завяршылася святая Імша працяг свята ўсіх чакаў у араторыі імя святога Дамініка Савіо, які дзейнічае пры парафіі, дзе была падрыхтавана святочная праграма. Усе сабраныя апынуліся ў сне святога Яна Боско, які той убачыў пра Бараўляны, у гэтым сне святы знаёміўся з супольнасцю, а АDMA, аніматары, савіо-клуб і салезіяне супрацоўнікі паказвалі свае нумары, нібыта рэкламуючы суполкі.

Завяршылася свята супольным спевам пра святога Яна Боско, малітвай і салодкім сталом.

Уладзіслаў Зарэцкі ASSCC

Падзяліцца: