Галоўная Дзейнасць Навіны У Бараўлянах святочна адзначылі 100-годдзе прысутнасці салезіянаў на Беларусі

У Бараўлянах святочна адзначылі 100-годдзе прысутнасці салезіянаў на Беларусі

Для салезіянаў, што нясуць сваё служэнне на тэрыторыі Беларусі, 2021 год асаблівы. І нагода для таго надзвычай знакавая і радасная – 100-гадовы юбілей прысутнасці салезіянскай сям’і на беларускай зямлі.

16 кастрычніка ў Мінску прайшоў гістарычны сімпозіум. 17 кастрычніка святкаванні прадоўжыліся ў парафіях, у якіх салезіяне праз сваё ахвярнае служэнне займаюцца душпастырскай і выхаваўчай дзейнасцю. 

На бараўлянскай горцы, у парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў шаноўны Мітрапаліт на пенсіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Аддаючы знакі павагі і пашаны дарагому госцю, усе вернікі падчас сустрэчы Яго Эксцэленцыі выйшлі са святыні. Тут жа на прыступках стаяў з распяццем і пробашч парафіі кс. Казімір Шэдэлко SDB. Ад імя вернікаў прагучалі кранальныя прывітальныя словы і быў падораны прыгожы духмяны каравай. Рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB падзякаваў арцыпастыру за тое, што ён знайшоў магчымасць і час наведаць парафію і прыняць удзел у святкаваннях. 

У кароткай прамове на пачатак святой Імшы ксёндз біскуп  зазначыў, што юбілейны год для салезіянаў асаблівы, бо ён яшчэ з’яўляецца годам святога Юзафа і трыццатай гадавіны адраджэння структур каталіцкага Касцёла у Беларусі. 

Падчас прамаўлення гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш звярнуў увагу на тыя праблемы, з якімі сутыкаецца моладзь у сучасным свеце. З аднаго боку перад сучасным маладым чалавекам адкрыты ўсе дзверы, моладзь марыць аб лёгкім шчасці і вечнай маладосці. Новыя тэхналогіі, сацыяльныя сеткі робяць адносіны простымі, а адлегласці кароткімі. Менавіта таму бацькам і дарослым складана растлумачыць маладым людзям неабходнасць быць дысцыплінаванымі, самаахвярнамі, цярплівымі. Маладым людзям сённяшняга дня не хапае належных прыкладаў і правільных мадэляў паводзін. Менавіта таму папераджальная сістэма выхавання ксяндза Боско застаецца актуальнай і ў наш час, яна паспяхова прайшла выпрабаванне часам і пацвердзіла сваю вялікую эфектыўнасць. 

Звяртаючыся да салезіянскай супольнасці, іерарх адзначыў: “Духоўныя сыны і дачкі св. Яна Боско прыйшлі на беларускую зямлю 100 гадоў таму. Салезіянская супольнасць св. Францішка Сальскага вытрымала часы ганенняў і сёння паспяхова адраджаецца. 

Бог на вашыя плечы, дарагія духоўныя сыны і дачкі св. Яна Боско, усклаў спецыяльнае заданне. Не толькі адраджаць парафіі, рамантавць старыя касцёлы і будаваць новыя, але фармаваць чалавека, асабліва маладога, у адпаведнасці з выклікамі часу. Новыя часы патрабуюць новага чалавека, выхаванага на адапаведных да патрэбаў часу евангельскіх каштоўнасцях.

Як дапамагчы маладому чалавеку быць сучасным і адначасова заставацца верным Богу ў абставінах секулярызацыі і маральнага рэлятывізму? Вось галоўнае заданне, якое стаіць перад Касцёлам. Паколькі Бог адарыў салезіянаў спецыяльнай харызмай працы з моладдзю, яны павінны дапамагчы яго выканаць. Іх пакліканне - быць на перадавой лініі фронту барацьбы ў духоўнай фармацыі моладзі. 

У наш час, калі ідзе барацьба за душы маладых людзей, даспадобы ўспомніць дэвіз св. Яна Боско: “Дайце мне душы, а ўсё іншае забярыце!” Неабходна таксама памятаць аб яго максіме, што добры веруючы – гэта добры грамадзянін. А такіх нам трэба”.

Са словамі падзякі да паважанага Мітрапаліта звярнуўся ксёндз пробашч Казімір Шэдэлко SDB. Ён назваў Эксцэленцыю жывой гісторыяй прысутнасці салезіянаў на Беларусі. 

Словы падзякі выказалі і парафіяне. Было адзначана, што кожны прыезд арцыбіскупа на бараўлянскую горку пакідае ў сэрцах вернікаў радасны настрой. 

На заканчэнне святочнага набажэнства Яго Эксцэленцыя яшчэ раз павіншаваў усіх прысутных і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне. 

Святкаванне працягнулася ў араторыі імя святога Дамініка Савіо анімацыйнай праграмай, якую падрыхтавалі дзеці, моладзь і дарослыя парафіяне разам з сястрой Дар’ей Еўтухоўскай FMA. 

Фіналам святкавання стаў прагляд дакументальнага фільма пра гісторыю салезіянаў у Беларусі “Натхнёныя надзеяй”.

Падзяліцца: