15 снежня адбылася аплаткавая сустрэча “Савіо-Клуба” які дзейнічае пры парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах
На сустрэчу былі запрошаны ўдзельнікі клуба з бацькамі. За арганізацыю адказвалі аніматары, якія кіруюць дзейнасцю клуба на чале з кс. Паўлам Шчарбіцкім SDB.
Пасля супольнай малітвы сястра Марцэліна Мігач ISSM распавяла пра традыцыю дзялення аплаткай і яе сімвалізм. Таксама сястра падзялілася гістарычным значэннем вігілійнага вечара і прыпомніла, як па-хрысціянску перажываць гэтыя святочныя моманты.
Пасля прысутныя падзяліліся аплаткай, выказаўшы адно аднаму святочныя віншаванні і зычэнні.
Сустрэчы “Савіо-клуба” адбываюцца ў бараўлянскім араторыі штомесяц. Пад час іх дзеці праз гульні і разнастайныя дынамікі, прадуманыя аніматарамі, даведваюцца пра жыццё і прыклад святасці Дамініка Савіо, узбагачаюцца рэлігійнымі ведамі і паглыбляюць рэлігійнае выхаванне