Галоўная Дзейнасць Навіны У Бараўлянах падчас парафіяльнай урачыстасці адбыўся сакрамэнт канфірмацыі

У Бараўлянах падчас парафіяльнай урачыстасці адбыўся сакрамэнт канфірмацыі

Вернікі віталі арцыпастыра на ганку святыні традыцыйным караваем, а таксама папрасілі ўдзяліць усім благаслаўленне рэліквіямі заснавальніка салезіянскага таварыства святога Яна Боско. 

Перад пачаткам Эўхарыстыі пробашч парафіі ксёндз Казімір Шыдэлко SDB прывітаў арцыбіскупа, сказаўшы, што як калісьці Ян Павел ІІ уцалаваў родную зямлю падчас апостальскіх наведваннях, так і сёння біскуп Юзаф ўцалаваў бараўлянскую зямлю, благаславіўшы яе рэліквіямі святога апостала моладзі. Таксама святар прывітаў сваіх сабратоў салезіянаў, якія пажадалі раздзяліць гэта свята з парафіянамі: дэкана дэканату Мінск – Усход і дырэктара салезіянскай супольнасці ў Мінску ксяндза Аляксандра Мятліцкага SDB і дырэктара салезіянскай супольнасці ў Бараўлянах ксяндза Віктара Гайдукевіча SDB.

У гаміліі біскуп Юзаф разважаў над тым, што апосталы былі з Езусам падчас таго, як ён навучаў, бачылі цуды, якія Ён учыніў: памнажэнне хлеба, аздараўленне хворых, уваскрашэнне памерлых і шматлікія іншыя, але большасць з іх, калі сустрэліся з цярпеннем і смерцю Пана Езуса, паразбягалася. Іх сэрца было ўстрывожана, яны хваляваліся і былі збянтэжаны, бо не захавалі вернасць. Але першыя словы Езуса Хрыста, калі Ён увайшоў праз зачыненыя дзверы былі: “Супакой вам”. Ён супакоіў апосталаў, даўшы зразумець, што прыйшоў не дзеля таго, каб дакараць. А калі апосталы выходзілі, атрымаўшы Духа Святога, і пачалі размаўляць на розных мовах, яны з радасцю пайшлі прапаведваць. Таму патрэбны Дух Святы, моцны і праўдзівы. Так і мы, атрымаўшы сакрамэнт канфірмацыі, павінны знайсці адвагу, каб бараніць і распаўсюджваць сваю веру.

 “Мы павінны імкнуцца, імкнуцца да святасці і даць нагоду іншым таксама знайсці дарогу да збаўлення. Калі я спазнаю Езуса Хрыста, калі я спазнаў Яго, я не магу захаваць Яго толькі для сябе і гэта ўжо не маё рашэнне. Ён, калі знаходзіцца ў нас, то Сам заахвочвае і падбадзёрвае, каб мы ішлі і неслі свету Евангелле, неслі свету сапраўднае Святло і накіроўвалі кожнага чалавека на шлях да нашага Збаўцы”,  – такое “заданне” даў бежмаваным і усім вернікам арцыпастыр.

Пасля гаміліі адбыўся сакрамэнт канфірмацыі. Напрыканцы Імшы натхнёныя вернікі, якія атрымалі дары Духа Святога, падзякавалі біскупу Юзафу за ўдзелены сакрамэнт і супольную малітву, а таксама сваім катэхэтам і святарам, якія рыхтавалі іх праз увесь год да гэтай важнай падзеі.

У гэты дзень адбыўся таксама і гістарычны момант для бараўлянскай парафіі: арцыбіскуп Юзаф паказаў усім вернікам і перадаў на рукі пробашча дакумент, які дэкларуе, што парафія Маці Божай Успамогі Хрысціянаў пераходзіць пад апеку салезіянскага таварыства на пастаяннай аснове. На гэтым святочным моманце завяршылася святая Імша, а працяг свята адбыўся ў араторыі, які функцыянуе пры парафіі, там моладзь пад кіраўніцтвам сястры Дар’і Еўтухоўскай FMA падрыхтавала святочную праграму і тэатральную пастаўноўку пра адзін са сноў кс. Боско аб вартасцях Эўхарыстыі і пашаны да Маці Божай.

Падзяліцца: