Галоўная Дзейнасць Навіны У Бараўлянах адзначылі ўспамін Марыі Успамогі Хрысціянаў

У Бараўлянах адзначылі ўспамін Марыі Успамогі Хрысціянаў

Падчас свята была заснавана суполка ADMA – Асацыяцыя Марыі Успамогі, адна з галін салезіянскай сям’і, якая распаўсюджана па ўсім свеце. АDMA падкрэслівае асаблівую каштоўнасць марыйнай пабожнасці, як інструмента евангелізацыі і пашырэння культу шанавання Маці Божай.

Святую Імшу ўзначаліў пробашч парафіі ксёндз Казімір Шэдэлко SDB, разам з ім святую Эўхарыстыю цэлебраваў дырэктар салезіянскай супольнасці ў Бараўлянах ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. У казанні ксёндз Казімір падкрэсліў важнасць шанавання і пашырэння культу Маці Божай. “Ксёндз Боско аднойчы сказаў так: калі даверыце сваё жыццё Марыі, то ўбачыце, што такое цуды. Толькі мы, дарагія, часам не давяраем, маю такое пачуццё, што многія моляцца, бо так трэба. Я вас вельмі прашу, даверцеся Маці Божай. З асабістага вопыту скажу, што заўсёды, калі малюся навэнну да Маці Божай, атрымліваю ад Марыі які-небудзь “сюрпрыз”, – такімі словамі падбадзёрыў пробашч сваіх парафіянаў.

Пасля казання кандыдаты у суполку ADMA склалі абяцанні і атрымалі абразікі як сімвал прыналежнасці да аб’яднання.

Свята не завяршылася Імшой, адбылося таксама Марыйнае чуванне з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якога былі зачытаны просьбы і падзякі да Маці Божай, урачыстая працэсія вакол касцёла і завяршаючая малітва на вуліцы з ушанаваннем Божага Цела каля фігуры Марыі Успамогі.

Таксама ў гэты дзень усе дзеткі, якія сёлета прынялі ўпершыню святую Камунію, атрымалі ад пробашча ў падарунак абраз Марыі Успамогі.

Падзяліцца: