У араторыі св. Дамініка Савіо пры парафіі Марыі Ўспамогі Хрысціянаў 19 лістапада адбыўся канцэрт у гонар св. Цэцыліі.
Распачала “Цэцыліяду - 2017” музычная група, якая ўзнікла пры араторыі. Удзельнікі групы ваканалі спеў “Езу, прыдзі!”. Пасля выступлення групы быў аб’яўлены конурс на лепшую назву для яе. Дарэчы, вітаецца і ўдзел у інтэрнэце – свае варыянты можна дасылаць на скрыню stas.sdb@gmail.com (кс. Станіслаў Краўчанка SDB).
Выхаванцы і выкладчыкі школы “Гармонія”, якая дзейнічае ў араторыі, выканалі музычныя творы і песні, якія нікога не маглі пакінуць абыякавымі. Пасля сваім выступленнем парадавалі прысутных самыя маленькія парафіяне, а дзіцячы хор выканаў песню “Можаш быць святым”.
Працягам і выдатным заканчэннем канцэрта стаў выступ дарослага парафіяльнага хора Auxilium. Для гэтага святочнага выступа хор падрыхтаваў беларускую народную песню і рэлігійны спеў.
На прыканцы праграмы да прысутных звярнуўся рэгіянальны настаяцель рэлігійнай каталіцкай місіі св. Францішка Сальскага, які з’яўляецца таксама дырэктарам супольнасці ў Бараўлянах, кс. Віктар Гайдукевіч SDB. Святар адзначыў, што “Цэцыліяда” кожны год дае магчымасць атрымаць асалоду ад музыкі і падзівіцца талентамі людзей, з якімі часта сустракаешся ў касцёле. Таксама кс. Віктар заклікаў прысутных падзякаваць Богу за дар св. Цэцылыі і за адкрытасць парафіянаў, якія не пабаяліся падзяліцца з іншымі сваімі талентамі.
