Галоўная Дзейнасць Навіны “Ты скончыш працу, якую я пачынаю. Я раблю нарысы, ты іх намалюеш”(дон Боско).

“Ты скончыш працу, якую я пачынаю. Я раблю нарысы, ты іх намалюеш”(дон Боско).

ПАСЛАННЕ ВІКАРЫЯ

дона Стэфана Мартолья

 

                       ДОН БОСКО СЁННЯ - ГЭТА МЫ

“Ты скончыш працу, якую я пачынаю. Я раблю нарысы, ты іх намалюеш”(дон Боско).

  Дарагія сябры і чытачы, члены салезіянскай сям’і, у прывітанні на гэты месяц у штомесячніку Il Bollettino Salesiano я хачу засяродзіцца на вельмі важнай падзеі, якую перажывае салезіянская Кангрэгацыя: 29-ы Генеральны Капітул. На шляху Салезіянскай Кангрэгацыі гэты сход - самы важны, які можа быць - адбываецца кожныя шэсць год.

  Многія рэчы з’яўляюцца часткай нашага жыцця і гэты Юбілейны год адорвае нас мноствам важных падзей. Я б аднак хацеў спыніцца на гэтай падзеі, бо, хоць яна і, здаецца, знаходзіцца далёка ад нас, тычыцца яна ўсіх нас.

  Наш заснавальнік дон Боско ўсведамляў, што не ўсё скончыцца пасля яго смерці, але што яго жыццё, без сумніваў, толькі пачатак доўгай дарогі, якую будзе неабходна прайсці. У 1875 годзе, калі яму было 60 гадоў, ён сказаў дону Джуліо Барбэрысу, аднаму са сваіх найбліжэйшых супрацоўнікаў: “Ты скончыш працу, якую я пачынаю. Я зраблю нарысы, а ты іх намалюеш(…). Я зраблю прыблізны абрыс Кангрэгацыі, а тым, хто прыйдзе пасля мяне, пакіну задачу зрабіць яе прыгожай”.

  Гэтым шчаслівым і прароцкім выразам дон Боско вызначыў шлях, які мы ўсе пакліканы напаўняць; і ў сваёй найвышэйшай форме яго ў гэтыя дні на Вальдокко напаўняе Генеральны Капітул салезіянаў дона Боско.

 

                                Прароцтва аб слодычах

  Сучасны свет не падобны на той, у якім жыў дон Боско, але ён мае з ім адну агульную рысу: гэта час глыбокіх пераменаў. Сапраўднай мэтай дона Боско была поўная, сбалансаваная і адказная гуманізацыя чалавека ў яго матэрыяльных і духоўных складальніках. Ён быў заклапочаны запаўненнем “унутранай прасторы” хлопцаў, фармаваннем “добрых галоў” і  “сумленных грамадзян”. У гэтым ён сёння актуальнейшы як ніколі. Сучасны свет патрабуе дона Боско.

  На пачатку я задам кожнаму вельмі простае пытанне: “Хочаш пражыць звычайнае жыццё ці хочаш змяніць свет?” Ці можна сёння весці гаворку аб мэтах і ідэалах? Калі рака перастае цячы, яна ператвараецца ў багну. Падобнае адбываецца і з чалавекам.

  Дон Боско ніколі не пераставаў ісці. Сёння ён ідзе нашымі нагамі.

  Аб моладзі ён меў перакананне, што “гэта самая крохкая і каштоўнейшая частка чалавечага грамадства, на якой заснаваная надзея на шчаслівую будучыню, не з’яўляецца сама па сабе заганнай…і калі часам здараецца, што яна ўжо ў гэтым узросце сапсаваная, то гэта найхутчэй з-за неразважлівасці, чым з-за злога намеру. Гэтым маладым людзям сапраўды патрэбная добрая рука, якая аб іх паклапоціцца, будзе падтрымліваць іхнае развіццё, накіроўваць іх…”.

  У 1882 годзе на лекцыі для аднадумцаў у Генуі ён сказаў: “Прывабліваючы, даючы адукацыю і выхоўваючы моладзь, якая знаходзіцца ў “групе рызыкі”, мы чынім дабро для ўсяго грамадства. Калі моладзь будзе добра выхаванай, з цягам часу мы атрымаем лепшае пакаленне”. Гэта падобна да таго, калі б мы сказалі: толькі выхаванне і адукацыя могуць змяніць свет.

  Дон Боско меў амаль жудасную здольнасць прадбачання. Ён ніколі не казаў “да гэтай пары”. Але заўсёды “ад гэтага часу”.

  Гай Анвазіні, выбітны прафесар, няспынна кажа: “Педагогіка XXI тысячагоддзя будзе альбо салезіянскай, альбо яе не будзе ўвогуле”.

  Аднойчы ўвечары ў 1851 годзе дон Боско кінуў з вакна на другім паверсе хлопчыкам жменю цукерак. Успыхнула вялікая радасць. Калі адзін з хлопчыкаў убачыў яго ў вакне, то закрычаў: “Дон Боско, калі б вы маглі ўбачыць усе часткі свету і ў кожнай з іх мноства араторыяў!”Дон Боско скіраваў свой спакойны позірк да невядомага і адказаў: “Хто ведае, магчыма, прыйдзе дзень, калі сыны араторыя сапраўды распаўсюдзяцца па ўсім свеце”.

 

                                      Зазірніце ўдалячынь

  Але што такое Генеральны Капітул? Для чаго прысвячаць радкі гэтай тэме, якая характэрная толькі для Салезіянскай Кангрэгацыі? Статут салезіянаў дона Боско ў артыкуле 146 вызначае Генеральны Капітул наступным чынам: “Генеральны Капітул з’яўляецца галоўным знакам адзінства Кангрэгацыі ва ўсёй яе разнастайнасці. Гэта братэрская сустрэча, на якой салезіяне разам разважаюць над тым, як заставацца вернымі Евангеллю і харызме заснавальніка, і чуйна рэагаваць на патрэбы часу і месца.

  Уся Супольнасць, праз пасрэдніцтва Генеральнага Капітула, кіруючыся Духам Пана і ў пэўны гістарычны момант, імкнецца распазнаць Божую Волю, каб лепей служыць Касцёлу.”

  Такім чынам Генеральны Капітул - гэта не прыватная справа пасвечаных салезіянаў, але вельмі важны сход, які тычыцца нас усіх, усёй салезіянскай сям’і і тых, хто мае ў сябе ўнутры дона Боско, бо ў яго цэнтры знаходзяцца людзі, місія, харызма дона Боско, Касцёл і кожны з нас, і кожны з вас.

  У цэнтры знаходзяцца вернасць Богу і дону Боско - у здольнасці бычыць знакі часу і розныя месцы. Вернасць - гэта сталы рух, аднаўленне, здольнасць глядзець удалячынь, але і таксама цвёрда стаяць нагамі на зямлі. Менавіта для гэтага прыблізна 250 сабратоў з усіх частак свету сабраліся разам, каб памаліцца, паразважаць, падзяліцца ідэямі і паглядзець удалячынь… у вернасці дону Боско. Каб потым, калі гэтая візія будзе збудаваная, выбраць новага Генеральнага Настаяцеля, пераймальніка дона Боско і яго Генеральную раду.

  Дарагі сябр, сяброўка, тое, што ты зараз чытаеш, гэта не штосьці такое, што не тычыцца твайго жыцця, але гэта частка твайго існавання і тваёй любові да дона Боско. Чаму я табе ўсё гэта кажу? Каб ты ўсё гэта суправаджаў сваёю малітвай - малітвай да Духа Святога, каб Ён дапамог членам Капітула распазнаць Божую волю для лепшага служэння Касцёлу.

  Я думаю, больш за тое, я ўпэўнены, што 29-ы Генеральны Капітул будзе менавіта такім. З Божай дапамогай мы дапрацуем астатнія часткі нарысу, якія нам пакінуў дон Боско, як гэта заўсёды рабілася на ўсіх Генеральных Капітулах у гісторыі Кангрэгацыі - кожны раз у вернасці з яго планам.

  З упэўненасцю, што і сёння мы можам працягваць атрымліваць святло, каб быць вернымі Пану Езусу ў вернасці першапачатковай харызме - з тварамі, музыкай і фарбамі сёняшняга дня.

  Мы не пакінутыя сам-насам у гэтай місіі і ведаем, і адчуваем, што Марыя, Маці і Ўспамога Хрысціянаў, Успамога Касцёла, узор вернасці, будзе падрымліваць крокі нас усіх.

 

  (Паводле Il Bollettino Salesiano, сакавік 2025)

 

 

 

Падзяліцца: