2 красавіка ў мінскім араторыі імя святога Яна Боско пры парафіі Св. ЯнаХрысціцеля адбылося закрыццё штогадовага турніру св. Дамініка Савіо і бл. Лаўры Вікуньі, які праходзіў з 12 па 26 сакавіка. Гэта быў ужо пяты па ліку турнір.
Удзельнікі спаборніцтваў мелі магчымасць паспрабаваць сябе ў настольным футболе, які ўключаў узроставыя групы 16- і 17+, у дартсе і настольным тэнісе. Кожная гульня прыносіла камандам шмат радасці, а разам з тым вымагала ад удзельнікаў шмат высілкаў. Усяго на працягу турніру прайшло 78 гульняў.
Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў адбылося ў незвычайнай форме. Уручэнне медалёў разбавілі конкурсы, у якіх прысутныя спрабавалі сябе ў імправізаваных настольных гульнях, павялічаных да памераў спартыўнай залы. Не абышлося мерапрыемства без святочнага стала.
Пераможцы турніра св. Дамініка Савіо і бл. Лаўры Вікуньі:
Настольны тэніс:
1 месца — Яўген Емяльянаў; 2 месца — кл. Марк Найдзіч SDB; 3 месца — Ўладзіслаў Чайкоўскі
Дартс:
1 месца — Іван Мацейка; 2 месца — Кацярына Грыгаркевіч; 3 месца — Дзіяна Клімава
Настольны футбол (16-):
1 месца — «Ребятишки»; 2 месца — «МФКО»; 3 месца — «Девчата»
Настольны футбол (17+):
1 месца — «SDB»; 2 месца — «Glück»; 3 месца — «Eminem»
Пасля ўзнагароджання па салезіянскай традыцыі «слоўка на дабранач» прамовіў кс. Павел Шчарбіцкі SDB, пакінуўшы моладзі думку для разважання. Святар звярнуў увагу, што ніводзін, нават самы прыгожы і каштоўны медаль, не зможа адарыць чалавека сапраўднай радасцю, бо яе крыніца ў адносінах з Богам і блізкімі.