Галоўная Дзейнасць Навіны Цэцыліада 2017 у Смаргоні

Цэцыліада 2017 у Смаргоні

“Цэцыліяда-2017” праходзіла пад назвай “Усклікаюць нябёсы”. Свята распачаў пробашч парафіі кс. Алег Жураўскі SDB, які асвяціў новую сцэну і паблагаславіў усіх прысутных.

“Чалавек вялiкi не дзякуючы таму, чым ён валодае, а дзякуючы таму, кiм ён з'яўляецца, не дзякуючы таму, што ён мае, а дзякуючы таму, чым ён дзелiцца з iншымi”,- такімі словамі св. Яна Паўла ІІ распачалося супольнае праслаўленне Пана Бога.

Музыкальныя нумары былі вельмі разнастайныя. Гледачы мелі магчымасць паслухаць выступленне дзіцячага хору парафіі “Вясёлыя ноткі”, сольныя спевы юных артыстаў, якія з радасцю дзяліліся сваімі талентамі.

Добрым знакам стала тое, што амаль усе галінкі смаргонскай салезіанскай сям’і падрыхтавалі музычныя нумары: “Савіо-клуб”, аніматары, члены Асацыяцыі Марыі Ўспамогі.

Кожны веруючы чалавек павінен без сораму вызнаваць сваю веру і вельмі прыемна, калі так паводзяць сябе маладыя людзі. Міністранты парафіі выступілі з песняй “Я шчаслівы міністрант”, парафіяльная моладзевая група Piligrims парадавала гледачоў уласнымі кампазіцыямі. Таксама свой танцавальны нумар прадставілі старэйшыя парафіянкі.

Ужо стала прыгожай традыцыяй, што на прыканцы свята усе ўдзельнікі разам заспявалі гімн араторыя. На заканчэнне кс. Алег Жураўскі SDB раздаў памяткі удзельнікам і па добрай салезіанскай традыцыі прамовіў да ўсіх слоўка на добрую ноч. “ Усклікаюць нябёсы, святыя радуюцца ў небе, назіраючы за намі. А св. Ян Боско звяртаецца да нас: “Любіце адзін аднаго па-братэрску. Усім чыніце дабро, нікому не рабіце зла... я ўсіх вас чакаю ў раі”, - сказаў святар.a

Падзяліцца: