Раніцай пілігрымы накіраваліся прывітаць Пана ў капліцу Найсвяцейшага Сэрца Езуса, паўстаўшую ў Нарочы дзякуючы намаганням ксяндза Вадзіма Сурвілы, які з'яўляецца пробашчам таксама і ў гэтым месцы. Яшчэ ў 2019 годзе, калі СМЕП хадзіў у Будслаў у апошні раз перад пандэміяй каранавірусу, святыні ў мястэчку не было, а зараз мясцовыя жыхары маюць радасць сустракацца на Эўхарыстыі.
Тэма канферэнцыі ў трэці дзень СМЕПу была такой: “Любоў павінна мець мэту”. Сімвалам дня ксёндз Артур абраў мапу.
Ксёндз Артур падчас канферэнцыі сказаў, што нашае пакліканне павінна быць радыкальным, і мы не павінны яго баяцца, бо мы часта хаваемся і не жадаем прымаць волю Божую. Ксёндз правёў параўнанне з акварыумам і рыбамі, якія там плаваюць. Калі гаспадары жадаюць пачысціць акварыум ад бруду, то ловяць рыбу сачком, каб перанесці ў чысты посуд. Рыба не жадае трапляць у гэты сачок, бо баіцца і не можа даверыцца, не разумее, што гэта для яе дабра. Так і мы, часта ўцякаем ад волі Божай.
Рэкалекцыяніст распавёў гісторыю паклікання святога Францішка Сальскага да святарскага жыцця, і пра тое, як ён, будучы адукаваным і дастаткова заможным чалавекам, ішоў да сваёй мэты. Сям'я Францішка жадала для яго другога лёсу і бацька ўжо знайшоў для сына нявесту з заможнай сям'і. Каб стаць святаром, Францішку Сальскаму давялося шмат разважаць і пайсці насуперак сям'і, але яго жаданне пераадолела ўсе перашкоды.
Пасля канферэнцыі пілігрымка вырушыла далей, да вёскі Шылавічы, дзе вернікаў чакалі адпачынак, абед і праца па пакоях. Аднавіўшы духоўныя і фізічныя сілы, моладзь накіравалася ў Вілейку.
У Вілейцы СМЕП сустракаў мясцовы пробашч кс. Аляксандр Барыла.
У 17.00 адбылася прыміцыйная святая Імша, якую ўзначаліў кс. Міхаіл Радзевіч SDB. У казанні неапрэзбітар параўнаў нашае жыццё з урыўкам з Евангелля, дзе вучні разам з Езусам трапілі ў шторм, плывучы на чаўне. Вучні пачалі прасіць Езуса аб дапамозе, бо спалохаліся. Мы таксама можам ісці ў пілігрымцы, маліцца на Імшы, але не адчуваць сябе ў бяспецы. Часта ў нашым жыцці мы сустракаем Езуса, але не бачым Яго, не заўважаем. Мы самі павінны рабіць першы крок, павінны рабіць усё што залежыць ад нас, разлічваючы на Божую дапамогу, а не чакаць Божай дапамогі, седзячы на канапе.
Пасля святой Імшы адбылося ўшанаванне Езуса ў Нацсвяцейшым Сакрамэнце.
Вечарам каля вілейскага касцёла пілігрымы зладзілі вяселую праграму з гульнямі, танцамі і традыцыйным салезіянскім слоўкам на добрую ноч.
Палова шляху СМЕП21 ўжо за плячыма, пілігрымы зарабілі і першыя мазалі, і першую стомленасць. Наперадзе моладзь чакае яшчэ тры дні дарогі да Маці Божай, і кожны будзе старацца выкарыстаць гэтыя дні як мага больш плённа.
Нагадваем, што сачыць за пілігрымкай можна праз наш акаўнт у Інстаграме @sdb.by