Сябры, чытачы штомесячніка Il Bollettino Salesiano, прыміце ў гэты пасхальны час мае адданыя і сардэчныя прывітанні. У змучаным свеце, які страсаюць войны і шматлікія праявы гвалту, мы не перастаём абвяшчаць, абвяшчаць і абвяшчаць, што Езус з’яўляецца Панам, якога ўваскрасіў Айцец, і які ЖЫВЕ. Мы вельмі патрабуем Яго прысутнасці ў сэрцах, што гатовыя прыняць Яго.
Я меў магчымасць азнаёміцца са зместам таксама і гэтага нумара Bollettino, як і заўседы багатага і поўнага салезіянскага жыцця, за што я ўдзячны тым, хто яго стварае. І калі яшчэ да напісання свайго прывітання чытаў ягоныя старонкі, я наткнуўся на прадстаўленне многіх салезіянскіх месцаў у свеце, куды прыйшла Марыя Ўспамога Хрысціянаў.
Я павінны прызнацца, што калі чалавек апынецца на Вальдокко ўнутры цудоўнай базылікі Марыі Ўспамогі Хрысціянаў, у гэтым святым месцы, дзе ўсё гаворыць аб Божай прысутнасці, аб матчынай абароне Маці і дона Боско, то яму цяжка ўявіць, як здзяйснялася аб’яўленне Ўспамогі дону Боско, якая яму паведаміла, што адсюль, з гэтага марыйнага храму, яе слава распаўсюдзіцца па ўсім свеце. Так і здарылася.
У часе майго дзесяцігадовага служэння ў якасці Галоўнага настаяцеля я наведаў сотні месцаў салезіянскага служэння па ўсім свеце, дзе адчувалася прысутнасць Маці. І я хацеў бы яшчэ раз распавесці вам аб сваім нядаўнім вопыце. Менавіта ў часе майго апошняга наведвання салезіянскай справы сярод народу Шавантэя я змог “дакрануцца рукой” да Божага провіду і дабра, якое адбываецца і якое мы працягваем рабіць.
У мяне была магчымасць наведаць некалькі вёсак і гарадоў у штаце Мату-Гроса. Я быў у Сан-Маркасе, у вёсцы Фаціма, у Санграндура і вакол гэтых трох вялікіх цэнтраў мы наведалі іншыя месцы, сярод якіх было месца першага паселішча народу Шавантэяў. У тыя часы ён пакутаваў ад хваробаў і яму пагражала знікненне, але дзякуючы дапамозе місіянераў, іх лекам і дзесяцігоддзям любячай прысутнасці сярод гэтых людзей, стала магчыма сённяшняя рэальнасць з больш як 23000 шавантэйцаў. Гэта і ёсць Провід, абвяшчэнне Евангелля і таксама шлях з народам і яго культурай, захаванымі як ніколі раней.
У мяне была магчымасць паразмаўляць са многімі прадстаўнікамі грамадзянскай улады. Я быў удзячны ім за ўсё, што мы можам разам рабіць для дабра гэтага народу і іншых людзей. І таксама дазволіў сабе проста, але шчыра і з апраўданым гонарам заўважыць, што тыя, хто суправаджае гэты народ на працягу 130 год, як у дадзеным выпадку гэта зрабіў Касцёл праз сыноў і дачок дона Боско, заслугоўваюць, каб іх паважалі і прыслухоўваліся да іх.
Мы зрабілі ўсё магчымае, далучыўшы свае галасы да галасоў тых, хто патрабуе пакінуць зямлю для яе спрадвечных насельнікаў. Абарона сваёй зямлі і веры сярод мясцовых народаў (у дадзеным выпадку сярод народу Боі-Барора) сталася прычынай мучаніцкай смерці салезіяніна Рудольфа Лукэнбэйна і індэйцаў Сімаа і Меруры.
Я праехаў сотні кіламетраў на машыне і быў шчаслівы бачыць шмат шыльдаў з надпісам “Тэрыторыя рэзервацыі тубыльцаў”. Я разважаў над тым, што гэта найлепшая гарантыя міру і росквіту для гэтага народу.
Што агульнага ў тым, што я апісваю, з Марыяй Успамогай? Усё проста, бо цяжка ўявіць, што сто год прысутнасці салезіянаў, SDB i FMA, сярод мясцовых шавантэйцаў прайшлі без таго, каб не перадаць ім любоў да Маці нашага Пана і нашай Маці.
У Сан Маркасе ўсе, альбо амаль усе жыхары вёскі, разам з тымі, хто нас прымаў, скончылі дзень працэсіяй і малітвай святога ружанца. Абраз Панны Марыі быў асветлены ў глыбокай ночы сярод джунгляў. Пажылыя, дарослыя, моладзь і шматлікія маці, якія неслі дзяцей, спячых ў кошыках, на сваіх рамёнах, прыйшлі як пілігрымы. Мы зрабілі некалькі прыпынкаў у розных частках вёскі. Нашая Маці ў тыя хвіліны і, без сумніваў, у многія іншыя хвіліны, абавязкова праходзіла праз вёску Сан Маркас і благаслаўляла сваіх сыноў і дачок з ліку мясцовых жыхароў.
Я не ведаю, ці бачыў дон Боско ў сваім сне гэтае з’яўленне Панны Марыі сярод вёскі шавантэйцаў, але без сумніваў, у яго сэрцы было гэтае жаданне з гэтым народам і з многімі іншымі, ці то ў Патагоніі, ці ў Амазоніі і на рацэ Парагвай…
Гэтае жаданне і гэтая місіянерская мара здзяйсняюцца ў Амазоніі ўжо на працягу болей як 130 год. Як я ўжо напісаў у Каментарыі да Дэвізу на гэты год, жаноча-матчына-марыйнае вымярэнне з’ўяляецца адным са складаных вымярэнняў сну дона Боско. Сам Езус дае яму настаўніцу, сваю Маці, і “ў яе ён павінны пытацца”. Янак павіны працаваць “з яе сынамі” і менавіта “Яна” паклапоціцца аб непарушнасці мары ў яго жыцці, будзе вясці яго за руку да канца яго дзён, аж да той хвіліны, калі ён па-сапраўднаму ўсё не зразумее.
Гэтая вялікая задума выяўляецца, калі хочам сказаць, што ў салезіянскай харызме сярод гэтых найбяднейшых дзяцей, пазбаўленых любові, прысутнічае вымярэнне адносінаў да іх з “дабрынёй”, мяккасцю і дабрачыннай любоўю, таксама і “марыйнае” вымярэнне. Абодва вымярэнні з’яўляюцца непазбежнымі элементамі для тых, якія хочуць жыць гэтай харызмай. Без Марыі з Назарэту мы б вялі гаворку аб іншай харызме, не аб салезіянскай, не аб сынах і дочках дона Боско.
У часе гэтага свята Марыі Ўспамогі 24 траўня Марыя Ўспамога будзе прысутнічаць у розныя хвіліны ў сэрцах сваіх сыноў і дачок па ўсім свеце, ці то на Тайвані, ці ва Ўсходнім Цімору, Індыі, Найробі (Кенія), Вальдокко, а таксама ў Амазоніі і гэтай маленькай вёсачцы Сан Маркас, якая для астатняга свету нічым не з’яўляецца. Але для гэтых людзей, якія спазналі Марыю Ўспамогу, яна ўяўляе сабой цэлы свет.
Зычу вам благаслаўлёнага месяца Панны Марыі. Я жадаю ўсяму Вальдокко і ўсяму свету благаслаўлёнага свята Марыі Ўспамогі .
(Паводле Il Bollettino Salesiano, травень 2024)