Галоўная Дзейнасць Навіны Таварыства святога Францішка Сальскага арганізавала турнір па міні-футболе ў Бараўлянах

Таварыства святога Францішка Сальскага арганізавала турнір па міні-футболе ў Бараўлянах

13 Мая ў Бараўлянскай школе № 2 адбыліся спаборніцтвы па міні-футболе “Кубак Дамініка Савіо”. Арганізатарам стала таварыства святога Францішка Сальскага. Такія спаборніцтвы праводзяцца ўжо пяты год запар, але ў вялікай спартыўнай зале школы былі ўпершыню.

Чатыры мінулыя разы каманды сустракаліся на пляцоўцы мінскага араторыя, які дзейнічае пры парафіі св. Яна Хрысціцеля. У гэтым годзе, дзякуючы адкрытасці дырэктара школы Елены Анатольеўны і яе педагагічнага саставу, юбілейны “Кубак Дамініка Савіо” атрымаў больш шырокую і зручную пляцоўку.

Мэтай турніру было пазнаёміць хлопцаў з асобай святога Дамініка Савіо, а таксама паказаць, што вельмі важна карыстацца хрысціянскімі прынцыпамі любові, узаемапавагі і добразычлівасці не толькі ў сваім штодзённым жыцці, але і пад час футбольнага матчу.

Назіраць за тым, што адбывалася на полі, а таксама за тымі эмоцыямі, якія перапаўнялі дзяцей, было вельмі цікава і хвалююча. У барацьбе з камандай “Радасць” з Беразінскага на трэццю прыступку п’едэсталу ўзышла каманда мінулагодніх чэмпіёнаў ФК “Арлы” з Мінска. У фінальным матчы за галоўны кубак змагалася каманда “Фавор” з Полацка і каманда “Bosco”са Смаргоні. Паказаўшы вельмі ўпэўненую і прыгожую гульню, каманда “Bosco” атрымала перамогу. Усяго ў турніры прыняло ўдзел восем каманд. Акрамя вышэйназваных, былі таксама 3 каманды з Бараўлян і адна каманда з Дзятлава. Знайшлі сваіх уладальнікаў таксама і індывідуальныя ўзнагароды. Так, лепшым брамнікам турніра стаў Баранаў Аляксандр з каманды “Арлы”. Лепшым бамбардзірам, які забіў дзевяць галоў, стаў Дзмітрый Сінкевіч, а лепшым гульцом – Цімафей Шыдлоўскі. Абодва хлопцы з каманды “Bosco”.

Пасла таго, як узнагароды былі раздадзеныя, да сабраных звярнуўся рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, які прысутнічаў падчас усяго турніра ў якасці гледача. Ён падзякаваў камандам за ўдзел, за тыя здольнасці, якія яны праявілі, а таксама заахвоціў не баяцца ў сваім жыцці наследаваць прыклад святасці св. Дамініка Савіо. Завяршылася мерапрыемства супольнай малітвай.

Падзяліцца: