ПАСЛАННЕ ГЕНЕРАЛЬНАГА НАСТАЯЦЕЛЯ
дона Фабіо Аттарда
СІНДРОМ ФІЛІПА І АНДРЭЯ
У гісторыі з Евангелля ад Яна (6, 4-14), у якім гаворыцца аб памнажэнні хлябоў, мы маем некалькі дэталяў. Кожны раз, калі разважаю над гэтым урыўкам, альбо яго каментую, затрымліваюся на ім троху даўжэй.
Усё пачынаецца, калі Езус перад вялікім галодным натоўпам заклікае сваіх вучняў узяць на сябе адказнасць за яго насычэнне.
І вось аб якіх дэталях я кажу: па-першае, Філіп кажа, што не можа адказаць на гэты заклік з-за колькасці прысутных людзей. Андрэй, праўда, звяртае ўвагу на тое, што “ёсць тут хлопец, каторы мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбы”, але потым гэтую магчымасць прыніжае простай заўвагай: “Але што гэта ёсць для столькіх?” (в. 9).
Дарагія чытачы, я хачу з вамі проста паразважаць аб тым, як мы, хрысціяне, якія маем пакліканне дзяліцца радасцю нашай веры, усведамляем сабе, што мы калі-некалі, можам заразіцца сіндромам Філіпа альбо Андрэя. А часам, нават абодвума!
У жыцці Касцёла, як і ў жыцці Кангрэгацыі ці салезіянскай сям’і хапае і заўсёды будзе хапаць выклікаў. Нашым выклікам з’яўляецца не стварыць суполку людзей, дзе б нам было добра, дзе б мы не непакоілі іншых і пазбягалі таго, каб іншыя непакоілі нас. Быць часткай Хрыстовага Цела і пры гэтым не аддзяляцца і не аддаляцца ад рэальнага свету, такога якім ён ёсць. Наадварот, гэта прымушае нас быць цалкам злучанымі з падзеямі людской гісторыі. Гэта, у першую чаргу, азначае глядзець на рэальнасць не толькі чалавечымі вачыма, але і, перш-наперш, вачыма Езуса. Мы пакліканыя адказваць, кіруючыся ласкай, крыніца якой знаходзіцца ў сэрцы Езуса, што азначае жыць для іншых так, як нас гэтаму вучыць і паказвае Езус.
СІНДРОМ ФІЛІПА
Сіндром Філіпа непрыкметы і менавіта за гэта вельмі небяспечны. Выснова, якую робіць Філіп правільная і трапная. Яго адказ на заклік Езуса кіруецца вельмі простай і беспамылковай чалавечай логікай. Ён глядзеў на рэальнасць сваім чалавечымі вачыма, рацыянальна разважаў і прыйшоў да высновы, што гэта не магчыма. Перад вачыма такога “разважлівага” спосабу дзеяння галодны апынаецца па-за маёй увагай – праблемы мае ён, а не я. Дакладней кажучы, у святле таго, што перажываем штодня: уцякач мог застацца дома, няма чаго хвалявацца; бедны і хворы няхай паклапоцяцца самі аб сабе, мне не варта быць часткаю іх праблемы, гэта не тое, чаму б я быў павінны шукаць вырашэнне. Гэта сіндром Філіпа. Ён з’яўляецца паслядоўнікам Езуса, але ягоны спосаб успрымання і высвятлення рэальнасці ўвесь час застаецца нерухомым, бясспрэчным, на светавыя гады аддаленым ад спосабу ягонага Настаўніка.
СІНДРОМ АНДРЭЯ
Наступны – сіндром Андрэя. Я не кажу, што ён горшы за Філіпаў, але яшчэ б троху і быў бы больш трагічным. Гэта незаўважны і цынічны сіндром. Ён бачыць добрую магчымасць, але не крочыць далей. Там існуе вельмі малая надзея, але па-чалавечы нездзяйсняльная. І гэта прывядзе да таго, што ён дыскваліфікуе і сам дар, і таго, хто яго падносіць. А дарыльшчыкам, якому ў дадзеным выпадку не пашанцавала, ёсць хлопец, які проста гатовы падзяліцца тым, што мае!
Два сіндромы, якія ўвесь час з намі – у Касцёле і паміж намі, святарамі і выхавацелямі. Разбіць надзею лягчэй, чым даць прастору для Божага сюрпрызу – сюрпрызу, які дапаможа расквітнець нават малой надзеі. Стала спакушальна даваць сябе абмяжоўваць пануючым клішэ, каб не быць прымушанымі разважаць над годнымі магчымасцямі, якія супраціўныя простаму чытанню і ўспрыманню рэальнасці. Калі не будзем уважлівымі, то станем прарокамі і выканаўцамі сваёй уласнай загубы. У выніку такога забарыкадавання ў людской логіцы, “акадэмічна” адшліфаванай і “інтэлектуальна” кваліфікаванай, прастора для ажыццяўлення гэтага чытання з Евангелля будзе ўсё больш абмежаванай і напрыканцы знікне. Калі гэтая чалавечая і гарызантальная логіка апынецца ў крызісе, то адным са знакаў, што кліча на дапамогу, будзе знак “камічнасці”. Хто адважыцца паставіць пад сумніў чалавечую логіку, упусціўшы ў яе свежае паветра Евангелля, будзе лічыцца за вельмі “камічнага”, на яго будуць рабіць напады і смяяцца з яго. Калі гэта будзе так, як гэта не дзіўна, то можам сказаць, што знаходзімся на прароцкім шляху.
ЕЗУС І ГЭТЫЯ ДВА СІНДРОМЫ
Езус пераадольвае гэтыя два сіндромы тым, што бярэ гэтыя хлябы, колькасць якіх лічыцца малой і нязначнай. Езус адчыняе дзверы для прароцкай прасторы і прасторы веры, у якіх мы пакліканыя жыць. Уяўляючы сабе натоўп, мы не можам заставацца спакойнымі, чытаючы і інтэрпрытуючы гэта на сябе. Быць наступнікам Езуса ўключае ў сябе ісці па-за межы чалавечага разважання. Мы пакліканыя глядзець на выклікі Ягонымі вачыма. Калі Езус нас кліча, ён не чакае ад нас рашэння, але ахвяравання усяго сябе, з усім тым, чым мы ёсць і што маем. Рызыка аднак знаходзіцца ў тым, што застаемся нерухомымі прад Ягоным заклікам і праз гэта нявольнікамі свайго спосабу разважання і раўнівымі да таго, аб чым думаем, чым валодаем.
Толькі ў велікадушнасці, заснаванай на пакорнасці Яго Слову, мы можам знайсці багацце Езусавага прадбачлівага дзеяння. “Дык сабралі кавалкі з пяці хлябоў ячменных і напоўнілі дванаццаць кашоў”(в. 13) – малы дар таго хлопца прыносіць дзіўныя плады толькі праз тое, што тыя два сіндромы не мелі апошняга слова.
Папа Бэнэдыкт так каментуе ўчынак гэтага хлопца: “У сцэне памнажэння хлябоў паказальна прысутнасць хлопца, які тварам да твару перад цяжкасцю насыціў столькіх людзей, даўшы да агульнага тое малое, што меў – пяць хлябоў і дзве рыбы. Гэты цуд не ўзнік з нічога, але з пачатковага сціплага дзялення тым, што меў пры сабе гэты просты хлопец. Езус не чакае ад нас чагосьці, што не маем, але паказвае нам, што калі кожны прапануе тое “мала”, што мае, то цуд можа здзейсніцца заўсёды нанова – Бог здольны памножыць нашае “мала” жэстам любові і зрабіць нас саўдзельнікамі ягонага дару (“Божы анёл”, 29 ліпеня, 2012).
Перад вачыма святарскім выклікам, якім супрацьстаім, перад вачыма вялікіх прагі і голаду да духоўнага, якія праяўляюць маладыя людзі, намагаемся не баяцца і не застацца прывязанымі да сваіх рэчаў і сваіх спосабаў мыслення. Прапануем Яму тое “мала”, што маем, павернемся да святла Ягонага слова і няхай яно і толькі яно, стане сталым крытэрыям нашых рашэнняў і святлом, што будзе кіраваць нашымі дзеяннямі.
(Паводле Il Bollettino Salesiano, ліпень-жнівень 2025)