Дзеці з бацькамі былі запрошаны на св. Імшу а 10 гадзіне, падчас якой кс. Іван Огар SDB падкрэсліў асобу св. Яна Хрысціцеля, які прыпамінаў, што хутка прыйдзе на свет наш Збаўца – Езус Хрыстус. Таксама кс. Іван нагадаў прысутным, што ўжо сёння неабходна пачынаць рыхтаваць месца ў сваім сэрцы для маленькага Езуса.
Пасля св. Імшы дзяцей ў араторыі чакаў сам св. Мікалай. Але не паспеў ён прывітацца з гасцямі і станчыць з імі, як яго скралі злодзеі. Дзеля таго каб вярнуць святога, дзеці павінны былі адказаць, што такое святасць. Многія з прысутных памяталі рэцэпт святасці св. Дамініка Савіо, які складаецца з трох інгрыдыентаў: радасці, паслухмянасці і добрых ўчынкаў. Менавіта гэтыя рэчы дапамаглі ўдзельнікам свята выратаваць св. Мікалая.
Пасля вяртання святога дзеці з вялікай радасцю падзяліліся з ім падрыхтаваннымі вершамі і спевамі.
Святочная праграма для моладзі распачалася св.Імшой а 13.30, падчас якой прысутныя маглі спыніцца ад штодзённай мітусні і глыбей паразважаць над сэнсам Адвента, які зараз абыходзіць Касцёл.
Працяг праграмы чакаў моладзь ў араторыі, дзе алені св. Мікалая прапанавалі з дапамогай частак згубленнай мапы адшукаць святога. Варта адзначыць, што дзеля таго каб сустрэцца са святым, моладзі было неабходна праявіць вялікую долю спрытнасці, хуткасці і кемлівасці. У радасным духу, які характаразуе стыль салезіянскай сям’і, у ўдзельнікаў свята атрымалася адшукаць св. Мікалая. Святы, у сваю чаргу, прыгадаў прысутным аб сапраўдным значэнні Нараджэння Пана. Св. Мікалай нагадаў, што падарункі і елка – толькі невялікая частка свята. Галоўнае – наша ўвага, якую мы ў асаблівы перыяд Адвэнту і свята Божага Нараджэння павінны ўдзяляць Богу і нашым бліжнім. Бо елка і падарункі могуць дапамагчы стварыць святочную атмасферу, а зносіны з Богам і бліжнім чалавекам здольны падарыць непахісную веру і любоў.
Дар’я Купцова, Таццяна Ісакава