24 мая ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні адзначылі свята Марыі Успамогі Хрысціянаў.
На свята сабралася разам уся Салезіянская сям’я Смаргоні: святары, законныя сёстры, салезіяне супрацоўнікі, аніматары, іх родныя і блізкія, каб разам дзякаваць Марыі Успамозе за Яе нястомную мацярынскую апеку.
Цэлебраваў святую Імшу пробашч парафіі кс. Алег Жураўскі SDB. Падчас казання кс. Алег звярнуў увагу вернікаў на вялікую ролю Найсвяцейшай Панны Марыі ў гісторыі збаўлення ўсяго чалавецтва і канкрэтнага чалавека. Святар адзначыў, што Марыя годная найглыбейшай удзячнасці і самых цудоўных падарункаў ад чалавека. Кс. Алег дадаў, што менавіта для Панны Марыі кс.Боско і св. Марыя Дамініка Мадзарэлло заснавалі Кангрэгацыю Дачок Марыі Успамогі – сясцёр салезіянак, якія “упрыгожваюць нашу парафію сваёй прысутнасцю і сваім служэннем”. Як адказ на любоў Марыі і доказ адданасці Ёй, сёстры і святары аднавілі свае абяцанні чысціні, убоства і паслухмянасці.

Адметнай падзеяй дня стала афіцыйнае абвяшчэнне Дэкрэта Інспектара SDB Варшаўскай Інспекторыі аб утварэнні першай у Беларусі Асацыяцыі Марыі Успамогі (АДМА). 23 жанчыны перад алтаром Пана склалі абяцанні вернасці Марыі Успамозе ў штодзённым жыцці, асабліва ў сям’і, на працы, у Касцёле. Асацыяцыя Марыі Успамогі была заснавана кс. Боско для развіцця пабожнасці і любові да Марыі Успамогі і пашаны да Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце сярод звычайных людзей. Такім чынам, АДМА з’яўляецца галіной Салезіянскай сям’і.
Вялікай радасцю для ўсіх прысутных стала ўрачыстае асвячэнне фігуры Марыі Успамогі, якую сёстрам салезіянкам і членам Асацыяцыі Марыі Успамогі падараваў пробашч парафіі кс. Алег Жураўскі SDB.
Напрыканцы святой Імшы кс. Алег удзяліў урачыстае благаслаўленне ўсім прысутным праз заступніцтва Марыі Успамогі. А працягам супольнага святкавання быў салодкі стол у араторыі, на які сабраліся святары, сёстры, усе члены АДМА і іх родныя.
Фота – Юрэвіч Сяргей