Галоўная Дзейнасць Навіны Свята для татаў і хлопцаў у мінскім араторыі

Свята для татаў і хлопцаў у мінскім араторыі

Свята для татаў і хлопцаў распачалося святой Імшой. Даверыўшы Богу новы тыдзень, дзеці разам з бацькамі накіраваліся ў араторый, дзе іх чакала сустрэча з дзвюма цікавымі героямі. На свята завіталі дзяўчынка Маша і мядзведзь Міша. Маша прыйшла з цукеркамі, але яна вельмі баялася, што яе цукеркі могуць знікнуць. Героі вырашылі адшукаць самых моцных паміж гасцей, самых шустрых мужчын і хлопцаў, якія змогуць абараняць яе цукеркі. У гэтым ім дапамаглі адмысловыя конкурсы, вынікі якіх запісваліся ў карткі ў выглядзе балаў. Хлопцы і таты маглі прыняць удзел у такіх конкурсах,  як армрэслінг і перацягванне каната, прайсці перашкоды з закрытымі вачыма і нават забіць цвікі. Дзяўчаты і матулі  таксама прымалі ўдзел у конкурсах і даволі добра з імі спраўляліся.

Падлічыўшы балы кожнага, Маша і Міша пераканаліся, што ўсе ўдзельнікі добра справіліся з заданнем і  гатовыя абараняць багацце Машы. Уражаная дзяўчынка вырашыла падзяліцца цукеркамі з гасцямі, а Міша навучыў усіх прыгожа маршыраваць.

Арганізатары ставілі перад сабой мэту падкрэсліць важнасць ролі мужчыны і яго здольнасцяў. У гульнявой форме падказалі будучым мужчынам, над чым і як можна працаваць, каб сапраўды рэалізаваць дадзенае Богам пакліканне — быць мужчынам. Таксама арганізатары звярнулі ўвагу на ролю айца ў сям’і, у развіцці яго дзяцей. Важная гэта роля для агульнага развіцця дзіцяці і для прыняцця ім Бога як любячага Айца, на што заўсёды звяртаў асаблівую ўвагу св. Ян Боско. Ну і канечне гэта ўсё не выключала імкнення парадаваць моцную палову чалавецтва і пачаставаць прысмакамі.

На заканчэнне свята быў прапанаваны кароткі відэаролік пра тату, які моцна падкрэсліваў усе рысы сапраўднага таты. 

Падзяліцца: