Свята распачалося святой Імшой, падчас якой кс. Алег Жураўскі SDB заахвоціў дзяцей да выканання Божай волі праз малітву, чытанне Слова Божага, выкананне Божых запаведзяў.
Пасля св. Імшы дзеці разам з бацькамі накіраваліся ў араторый, дзе іх ўжо чакалі арганізатары праграмы. Гасцямі свята сталі казачныя персанажы Маманцёнак і Умка. Героі разам з дзецьмі вандравалі па свеце, каб даведацца, што любяць матулі!
Для матуль былі падрыхтаваныя цікавыя музычныя сюрпрызы, гульні, у якіх яны з захапленнем і радасцю ўдзельнічалі. Канешне ж, дзеці і іншыя ўдзельнікі раздзялялі з мамамі свята і з ахвотай далучаліся да святочнай праграмы.
Некаторыя з удзельнікаў падчас свята мелі магчымасць расказаць пра сваю матулю і пра віншаванне і падарунак, які яны зрабілі для яе. Вось як сказала адна з дзяўчат: “Для мяне матуля – самы родны і блізкі чалавек. У гэты святочны дзень я павіншавала яе і сказала самыя ласкавыя словы. Падзякавала за жыццё, якое яна мне падарыла.”
На завяршэнне свята прагучала слоўка, падчас якога с. Валянціна Кот FMA падкрэсліла, што кожная маці – гэта вялікі скарб, які атрымаў кожны чалавек на зямлі і якім трэба вельмі даражыць. Мама – адзіны чалавек, які любіць цябе проста за тое, што ты ёсць.
Свята завяршылася малітвай за матуль і салодкім пачастункам.