Галоўная Дзейнасць Навіны Свята для дзяцей адбылося ў смаргонскім араторыі

Свята для дзяцей адбылося ў смаргонскім араторыі

12 кастрычніка ў смаргонскім араторыі імя св. Яна Боско, які дзейнічае пры парафіі Св. Міхала Арханёла, адбылося дзіцячае свята. Гэтае свята было праведзена з нагоды распачацця душпастырскага года ў араторыі.

Падчас святочнай праграмы дзецям было высветлена, чым ёсць араторый і на чым ён трымаецца. Аніматары праз гульні і конкурсы дапамаглі ўдзельнікам даведацца пра чатыры вымярэння араторыя, на якіх пабудаваў яго св. Ян Боско.

Па-першае, араторый - гэта дом, дзе кожнага прымаюць і чакаюць; па-другое, араторый – гэта парафія, бо ён вядзе да Бога і да жывых адносін з Ім; трэцяе вымярэнне араторыя - школа, таму, што ў араторыі вучаць быць добрымі хрысціянамі і сумленнымі грамадзянамі; і чацвёртае вымярэнне - пляцоўка, бо араторый - гэта прастора для забаваў, гульняў і шчырай радасці.

Напрыканцы свята аніматары прадставілі тэатральную пастаноўку, у якой паказалі, як зло ў постаці д’ябла ўвайшло ў гэты свет і як Бог з дапамогаю св. Міхала Арханёла пакараў яго. На завяршэнне кс. Алег Каралёў прамовіў да дзяцей традыцыйнае слоўка і паблагаславіў іх.

Падзяліцца: