Галоўная Дзейнасць Навіны Свята для дзяўчат і мам у Смаргоні

Свята для дзяўчат і мам у Смаргоні

12 красавіка ў араторыі пры парафіі Св. Міхала Арханела ў Смаргоні для дзяўчат, матуль і бабуль адбылося свята, прысвечанае Міжнароднаму жаночаму дню 8 сакавіка. 

Гасцямі свята сталі казачныя персанажы Чырвоны капялюш (Багдзевіч Ева) і яе бабуля (Клявец Ірына ASC), якія сустракаючы дзяцей запрашалі іх жа актыўнага ўдзелу ў гульнях. Усе прысутныя, а гэта значыць не толькі дзеці, але і іх бацькі і бабулі, былі падзелены на 3 каманды, якія спаборнічалі паміж сабою.

Конкурсы, падрыхтаваныя аніматарамі, былі захапляльнымі і вясёлымі. Дзяўчатам пашанцавала, бо праз гульні яны мелі магчымасць паспрабаваць выканаць тыя хатнія абавязкі, якія робіць кожны дзень іх матуля. Напрыклад, памыць адзенне і развесіць яго на шнурок, альбо падмесці падлогу, праходзячы каля кегляў і “змятаючы мячык”. Усе прысутныя пагадзіліся, што самым галоўным абавязкам маці з’яўляецца прыгатаванне смачнай ежы. Таму ўдзельнікі павінны былі ў гэты раз памяняцца ролямі і самім накарміць бабуль. А кармілі не чым-небудзь, а смачным ёгуртам.

Дзеці разам з дарослымі вельмі цікава і з добрым настроем правялі гэты час. А збоку было прыемна бачыць, як мамы і бабулі дапамагалі сваім дзеткам выконваць даволі складаныя заданні. У канцы ўсіх чакала агульная творчая праца – выраб прыгожых кветак для сваёй любай матулі.

Напрыканцы, “бабуля” распавяла пра Марыю, Божую Маці, якая з’яўляецца для нас сапраўдным прыкладам матулі і з якой кожная дзяўчына павінна браць прыклад. Пасля агульнай малітвы ўсе ўдзельнікі атрымалі абразік з выявай Маці Божай і цукеркі.
Дарослым і дзецям вельмі спадабаліся вясёлыя і бадзёрыя конкурсы. Шчыра дзякуем усім, хто рыхтаваў і арганізаваў гэты вясёлы час.

Падзяліцца: