Галоўная Дзейнасць Навіны Сустрэча салезіянскіх аніматараў прайшла ў Мінску

Сустрэча салезіянскіх аніматараў прайшла ў Мінску

На працягу года адбываецца дзве сустрэчы аніматараў: адна – супольная, дзе прысутнічаюць і аніматары, і кандыдаты, і памочнікі, якае мае больш духоўны і інтэграцыйны апспект, другая – выключна для аніматараў і кандыдатаў, дзе адбываецца фармацыйны аспект.

Сустрэча распачалася супольным абедам, пасля чаго кс. Алег Каралёў SDB правёў канферэнцыю, у якой звярнуў увагу на асабістую малітву аніматара. Асаблівым чынам казаў пра малітву на Ружанцы, важнасць малітвы і адносін з Богам у жыцці аніматара і неабходнасць быць у праўдзе перад сабою ва ўсіх жыццёвых абставінах. Каб паразважаць над канферэнцыяй асабіста, быў час на “пустыню” – момант, калі ў цішыні чалавек сам-насам з Богам. Цэнтральным момантам сустрэчы з Богам у гэты дзень для ўдзельнікаў была адарацыя Найсвяцешага Сакрамэнту, якую падрыхтавалі аніматары з Бараўлянаў разам з с. Дар’яй Еўтухоўскай FMA. Таксама на гэтай сустрэчы адбыўся форум “Вопыт вакацый з Богам”, дзе быў прадстаўлены вопыт кожнага араторыя. Аніматары падзяліліся паміж сабою тымі напрацоўкамі, якія з’явіліся за мінулы год, структурай працы над падрыхтоўкай вакацый і планамі на будучыню.

Напрыканцы дня пад час інтэграцыйнага вечера аніматары са Смаргоні разам з с. Юліяй Клевец FMA і кс. Міхаілам Радзевічам SDB прапанавалі ўдзельнікам адшукаць формулу “Паспяховага аніматара” праз заданні і конкурсы. Заключным момантам было традыцыйнае салезіянскае слоўка на добрую ноч, якое падрыхтавалі аніматары з Мінска разам з кс. Алегам Каралёвым SDB.

Пад час другога дня сустрэчы аніматары маліліся на св. Імшы, якую цэлебравалі кс. Міхаіл Радзевіч SDB і кс. Алег Каралёў SDB.  Пасля ўдзельнікі мелі момант падзяліцца асабістымі ўражаннямі наконт сустрэчы і выказаць прапановы на будучую сустрэчу.

Падзяліцца: