Дарагія сябры, мы уваходзім у новы, 2024 год, год сапраўды асаблівы, бо мы адзначаем 200-годдзе сна дона Боско, які ён убачыў ва ўзросце дзевяці год. Гэты сон быў не проста мілай гісторыяй дзевяцігадовага хлопчыка; гэта было штосьці падобнае да бачання і прадчування таго, што ён быў павінны выканаць пад час свайго зямнога жыцця.
Калі праз 62 гады дон Боско служыў сваю першую і апошнюю Імшу ў базыліцы Найсвяцейшага Сэрца ў Рыме, асвечанай за два дні да гэтага, ён болей за 15 разоў заплакаў, бо ў хуткай паслядоўнасці - быццам у фільме - убачыў усе сцэны са свайго жыцця і зразумеў, што ім увесь час кіраваў Божы Провід і асабліва ім кіравала рука Панны Марыі Ўспамогі Хрысціянаў. Зразумеў гэта настолькі ясна, што сказаў: “Усё зрабіла яна”.
Новы 1862 год
Гэты ўспамін наводзіць мяне на разважанні аб Новым годзе, які быў у жыцці дона Боско вельмі важным. Было гэта 1 студзеня 1862 года. У біяграфічных мемуарах напісана, што дон Боско, які хварэў аж да гэтага першага дня новага года, аб’явіў, што мае для ўсіх жыхароў араторыя, вялікіх і малых, важную навіну. Немагчыма апісаць хваляванне, якое ахапіла ўсіх падлеткаў праз гэта. У якім нецярпенні яны правялі ноч з 31-га снежня на 1-га студзеня і ўвесь наступны дзень! У якім нецярпенні яны чакалі вечару, каб пачуць, што ім скажа іхні добры айцец! Распавядае кс. Лемойн. “Нарэшце, пасля малітвы падлеткі ў глыбокім маўчанні дачакаліся дона Боско, які, узышоўшы на амбону, раскрыў таямніцу наступнымі словамі: “Падарунак, навагодні падарунак, які я вам даю, прыналежыць не мне. Што б вы сказалі на тое, калі б да кожнага з вас асабіста звярнулася Панна Марыя, каб штосьці вам сказаць? Калі б яна для кожнага з вас падрыхтавала асабісты аркушык, каб паказаць яму, што той найбольш патрабуе, альбо тое, што яна ад яго хоча? Але, менавіта так і ёсць. Панна Марыя дае кожнаму навагодні падарунак! Бачу, што некаторыя запытаюцца “Як гэта сталася? Гэтыя аркушыкі напісала сама Панна Марыя? Панна Марыя размаўляла з донам Боско асабіста? Дон Боско з’яўляецца сакратаром Панны Марыі?” Мой адказ такі: не скажу вам нічога болей. Гэтыя аркушыкі напісаў я, але як гэта адбылося, не магу сказаць і няхай ніхто не спарабуе распытваць у мяне, бо буду ад гэтага вельмі збянтэжаны. Кожны няхай будзе задаволены тым, што ведае, што гэты лісток прыйшоў ад Панны Марыі. Гэта ўнікальная рэч! Аб гэтай ласцы я прасіў ужо шмат гадоў і нарэшце яе атрымаў.Таму няхай кожны з вас беражэ гэтае пасланне, быццам бы атрымаў яго з вуснаў самой Панны Марыі. Прыходзьце да майго пакою і я кожнаму дам яго асабісты лісток”. Дон Боско мог так казаць, бо ён сам ва ўзросце 9 год атрымаў ад Панны Марыі пасланне, якое прадвызначыла ўвесь ход яго жыцця. Гісторыя гэтага вечара мае наступны працяг. Салезіяне пачалі прыходзіць у пакой дона Боско, каб атрымаць свае лісткі. Многія паказвалі, што ў іх напісана. На аркушыку з імем кс. Банэцці, які пісаў штодзённую хроніку, было напісана: “Памнож колькасць маіх сыноў”. Гэты добры святар занатаваў даручанае да сваёй хронікі і дадаў: “Што ж, мая найдаражэйшая Матуля, далі вы мне такую каштоўную параду, дык дайце ж і сродкі для яе ажыццяўлення і дапамажыцце, каб гэтая прыгожая лічба сапраўды павялічылася, але каб і я сам прыналежыў да яе”.
На лістку кс. Руа было напісана: “З упэўненасцю звяртайся да мяне ў патрэбах сваёй душы”.
Наступнай раніцай маладыя людзі пачалі прыходзіць да дзвярэй пакою дона Боско, каб атрымаць свій лісток. Я магу сабе лёгка ўявіць, як дон Боско мог пранікнуць да сэрдца кожнага салезіяніна і кожнага хлопца ў араторыі - без прыдумак, а з глыбокім перакананнем у тым, што хоча Панна Марыя ад кожнага з іх. І разам з тым, ён мог зрабіць гэта ў той спосаб, у якім быў сапраўдным майстрам і геніем - я маю на ўвазе мастацтва асабістай сустрэчы, дыялогу і позірку, які пранікаў да самых глыбінь сэрдца.
Калі я гэта прачытаў, то падумаў, ці не магло б такое адбыцца і з намі? Мы адаслалі віншавальныя паштоўкі многім людзям. Як быццам Найсвяцейшая Панна Марыя даслала віншавальную паштоўку салезіянскай Кангрэгацыі і кожнаму з нас - прыгожай і вялікай салезіянскай сям’і, сям’і дона Боско. Што б яна напісала?
Ісці як дон Боско
Гэта прыгожая ідэя. Хачу вас запэўніць, што ёсць шмат прыгожых рэчаў, аб якіх нас Панна Марыя магла б папрасіць як асабіста, так і як сям’ю дона Боско, якая ўзнікла для таго, каб суправаджаць хлопцаў і дзяўчат гэтага свету, асабліва найбольш бедных і патрабуючых, у працэсе іх росту, сталення і ператварэння…
Таямніца Новага года, якая па сутнасці раскрывае тайну Раства, нам гаворыць: “Вы не абмежаваны мінулым. Ужо сёння ты можаш пачаць усё нанова, бо маеш ў сабе штосьці новае. Вазьмі на рукі Божае Дзіця, якое прывядзе цябе да кантакту з усім новым, што ёсць у тваёй душы: дасяжным, чыстым і непашкоджанным. Пачні нанова ад малых і маладых. Давярай гэтаму новаму ў табе! Кожны дзень - гэта першы дзень”.
Магчыма, дастаткова будзе засвоіць словы, якія Панна Марыя кажа Яну Боско ў яго сне: “Вось тваё поле, тут ты павінны працаваць. Будзь пакорным, моцным і адважным”. Магчыма, хтосьці чакаў больш “духоўную” параду. Але толькі той, хто пакорны, можа быць добрым, бо зможа атрымліваць асалоду ад прысутнасці іншых. Пакора - гэта брама любові да самых найменшых, безабаронных і параненых жыццём. Толькі той, хто цвёрды і дужы, зможа сёння ісці за Езусам. Таму мы хочам бачыць вязняў свабоднымі, а тых, хто прыгнечаны, вольнымі ад прыгнёту, і хочам пачуць тое пасланне, якому бедныя яшчэ могуць паверыць.
Гэта голас з палаючага вогнішча, якое ніколі не дагарыць: “Я разарву кайданы вашыя, і ўчыню так, што вы будзеце хадзіць з высока ўзнятай галавой”. Марыя хоча, каб салезіяне і ўся іхняя сям’я, прыгожая сям’я дона Боско, увесь час ішлі як дон Боско. І з гэтай нагоды найлепшай гарантыяй будзе заўсёды мець яе за сапраўдную Настаўніцу, якая перш за ўсё Маці. Гэта сапраўдная міласць для нашай сям’і.
“Я дам табе настаўніцу, пад кіраўніцтвам якой ты зможаш стаць мудрым, і без якой кожная мудрасць становіцца глупствам”,- гэта прароцкая мудрасць з першага сну, якую прамовіла таямнічая асоба. “Сын той, якую твая маці навучала цябе тройчы на дзень праслаўляць”, - гэта Езус дае дону Боска сваю Маці за Настаўніцу і надзейнага Правадыра на цяжкім шляху ўсяго ягонага жыцця.
Як мы можам адудзячыць за гэты незвычайны дар, які дало Неба нашай сям’і?
Зычу кожнаму з вас і вашым сем’ям шчаслівага новага, 2024 года, і ўсяго найлепшага. Няхай ён будзе для нас усіх добрым годам і годам міру для гэтага ўсё яшчэ пакутуючага чалавецтва.
Паводле Il Bollettino Salesiano, студзень 2024