ВЫДАТНУЮ ПАДЗЕЮ БЛАГАСЛАЎЛЕННЯ РЭЛІКВІЙ ПАКУТНІКА БЛАГАСЛАЎЛЁНАГА СТЭФАНА ШАНДОРА , ЯКІ БЫЎ ПАКАРАНЫ СМЕРЦЮ ТОЛЬКІ ЗА ТОЕ, ШТО БЫЎ САЛЕЗІЯНІНАМ, АТАЧЫЎ І ЎПРЫГОЖЫЎ ШЭРАГ ДЗІЎНЫХ АБСТАВІН.
Сардэчна вітаю вас, дарагія сябры харызмы дона Боско. Галоўным героем майго паслання на гэты раз будзе не нейкі малады чалавек, якога я сустрэў у адным са сваіх падарожжаў, а малады салезіянін, што быў замучаны ў Венгрыі і пасля далучаны да ліку благаслаўлёных.
Сустрэча са Стэфанам Шандорам – гэта прыгожая сустрэча сэрцаў.
Апавядаць аб падзеях і ідэалагічных перакананнях мінулага заўсёды цяжка і складана праз адрозненне ўспрымання пачуццяў і культурнага асяроддзя ў розныя часы. Але драматычныя падзеі тых дзён са слядамі крыві і мучэнняў аднаўляюць даўнейшыя раны, якія былі, як нам падавалася, сцёртыя назаўсёды.
Стэфан Шандор – гэта малады салезіянін каад’ютар, ён не быў ксяндзом, але склаў абяцанні. Ва ўзросце 39 гадоў, у часе змрочных гадоў камуністычнага рэжыму ў Венгрыі, Стэфан атрымаў смяротны прысуд і быў пакараны. Яго злачынства было ў тым, што “быў салезіянінам”: ён збіраў вакол сябе моладзь на розныя культурныя, спартыўныя і фармацыйныя мерапрыемствы. Для тагачаснага рэжыму гэта было здрадай.
Гэта можа падацца абсурдным, але ў шматлікіх частках свету салезіяне стала назаляюць правячым міру толькі тым, што хочуць зрабіць Зямлю лепшай, пачынаючы ад малых і маладых. Гісторыя Стэфана з’яўляецца аднак вельмі спецыфічнай. Па–першае, з–за таго, што быў асуджаны, але захаваў жыццё некалькім маладым людзям, якія былі арыштаваныя разам з ім. Па-другое, пасля здзяйснення смяротнага прысуду быў пахаваны ў невядомым месцы масавага пахавання. Але праз 70 гадоў дзякуючы дапамозе аднаго былога студэнта і трох прафесіяналаў у галінах гісторыі і ДНК яго цела было знойдзена. Я кажу гэта, бо шчыра веру, што насуперак цяжкасцям, з якімі мы сутыкаемся ў гэты момант у еўрапейскай і сусветнай гісторыі, Бог працягвае мець апошняе слова, рашаючае слова аб жыцці і смерці. Так было і ў выпадку маладога салезіяніна Стэфана Шандора. Гэта ўсё я высветліў у Будапешце, у Венгрыі 4 чэрвеня 2022 года. Здаецца, што ўсім гэтым пакіраваў Божы Провід.
“Кларысеум” зноў адчынены
Некалькімі тыднямі раней салезіянам вярнулі ва ўласнасць шыкоўны комплекс “Кларысеум”, у якім калісьці месцілася штаб-кватэра Венгерскай правінцыі. Таксама вярнуліся да салезіянаў некаторыя будынкі, у тым ліку друкарня, у якой працаваў Стэфан Шандор. Будынкі комплекса былі нацыяналізаваны камуністычным рэжымам 72 гады таму.
На гэтым фотаздымке мы бачым момант нашага ўваходу праз знешнюю браму. Гэта быў крок, які на працягу апошніх 70 гадоў было зрабіць немагчыма.
На панадворку, менавіта на месцы, дзе благаслаўлёны Стэфан Шандор быў арыштаваны і адведзены на эшафот, было арганізавана прыгожае Эўхарыстычнае святкаванне, якое я з радасцю ўзначаліў. Напрыканцы свята адбылося благаслаўленне і ўстаноўка рэлікварыя благаслаўлёнага Стэфана Шандора.
“Я ўдзячны яму за сваё жыццё”
Яшчэ адзін дзіўны і кранальны момант: Стэфан Шандор прадухіліў пакаранне на смерць шасці маладым людзям, якія былі асуджаныя разам з ім.
На гэтым фотаздымку вы бачыце мяне побач з чалавекам на інвалідным вазку. Яго жонка не змагла прыйсці, бо была вельмі хворая. Ён быў адным з тых шасці маладых людзей, якія ў 22-гадовым узросце былі арыштаваныя разам са Стэфанам, таму што іх палічылі здраднікамі. Пасля вельмі суровага допыту з катаваннямі малады салезіянін знайшоў магчымасць хвіліну паразмаўляць з астатнімі шасцю хлопцамі і папрасіў іх, каб яны абвінавацілі яго ва ўсім, у чым хацелі абвінаваціць іх. Хлопцы яму супярэчылі, але ён ім сказаў зрабіць так дзеля іх узаемнага сяброўства і дзеля веры ў Езуса, каб захаваць сваё жыццё. Яны так і зрабілі. Аб гэтым мне распавёў той былы студэнт, былы аніматар “Кларысеума”. Стэфан сапраўды быў асуджаны на смерць, а яны атрымалі прысуд на 8 гадоў пазбаўлення волі. На шчасце, наш сябр расказаў мне, што праз тры гады камуністычны рэжым быў знішчаны, а іх прысуд адменены.
ДНК адной паштовай маркі
А наступная асаблівасць паказвае мне вытанчанасць Божага Провіду. Стэфан Шандор быў арыштаваны на працоўным месцы і сабраты яго ўжо болей ніколі не бачылі. Семдзесят гадоў было невядома, дзе знаходзяцца яго парэшткі. Быў забіты і разам з іншымі пяцю людзьмі пахаваны ў невядомай магіле ў лесе на ўскрайку Будапешта без аніякага пазначэння альбо надпісу. Начное пахаванне без аніякіх слядоў было часткай намеру тых, хто яго пакараў. Усе гэтыя гады існавала перакананне, што знайсці яго парэшткі будзе немагчыма. Але дзякуючы настойлівасці адной маладой студэнткі, вопыту і вельмі вялікім ведам аднаго спецыяліста па гісторыі Будапешта тых гадоў стала магчымым праз некалькі месяцаў знайсці парэшткі шасці пакараных. Гэта здавалася неверагодным, але яшчэ заставалася высветліць, ці быў сярод іх благаслаўлёны Стэфан.
Два вялікія прафесіяналы з дапамогай ДНК, якая засталася на лісце, напісанам Стэфанам Шандорам, і на марке, наклеенай ягоным братам, змаглі ідэнтыфікаваць многія парэшткі цела Стэфана. Дарэчы, брат чакаў гэтага моманту ўсё жыццё, але памёр трымя гадамі раней. А мне давялося асабіста пазнаёміцца з тымі вялікімі прафесіянамі, і я меў магчымасць выказаць ім падзяку.
Парэшткі цела зараз укладзены ў гэты рэлікварый, што мы бачым. На ім мы бачым выяву Стэфана Шандора, які чытае венгерскі салезіянскі бюлетэнь (Szalezi Ertesito), у якасці напаміну аб тым, як ён пазнаёміўся з донам Боско і салезіянскім светам, а таксама напаміну аб яго асветніцкай місіі ў галіне паліграфіі як майстра друкарскай справы. Праз усё гэта і праз шматлікія іншыя дэталі тое, што мы перажылі – гэта штосьці выключнае. Я магу засведчыць, што той раніцай эмоцыі і расчуленасць шматлікіх людзей у часе Эўхарыстычнага святкавання, а таксама абмен думкамі і вопытам напрацягу дня былі неапісальныя. Я бачыў сведчанне маладога чалавека, цяпер ужо сталага, які меў магчымасць пакласці руку на ўрну з парэшткамі сябра, выхавацеля і мучаніка, што захаваў яму жыццё і ахвяраваў сябе за яго. З уласнага вопыту магу засведчыць, што гэта ўсё невыпадкова. Гэта штосьці значна большае. Гэта таксама прысутнасць Бога ў гістарычных падзеях разам з людской свабодай. Таму магу пацвердзіць тое, аб чым распавёў напачатку: благаслаўлёны Стэфан Шандор вярнуўся дамоў. І салезіяне, якія і сёння тут з моладдзю і будуць з тымі, якія прыдуць, вяртаюцца ў свой дом, у “Кларысеум” , у Будапешце, у Венгрыі.
Паводле Il Bolletino Salesiano, верасень 2022