Галоўная Дзейнасць Навіны Стагоддзе прысутнасці салезіянаў на Беларусі адзначылі ў Смаргоні

Стагоддзе прысутнасці салезіянаў на Беларусі адзначылі ў Смаргоні

Цэлебрацыю святочнай Эўхарыстыі ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. У святой Імшы таксама прынялі ўдзел сёстры салезіянкі, свецкія члены салезіянскай сям’і і шматлікія вернікі, для якіх айцы салезіяне нясуць сваю паслугу ў Смаргоні.

У прамоўленай гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі з удзячнасцю ўзгадаў першага вядомага яму салезіяніна ксяндза Яна Такарскага SDB, а таксама першага пробашча смаргонскай парафіі ксяндза Генрыха Куляшэвіча SDB. Біскуп падкрэсліў вялікі ўнёсак у адраджэнне рэлігійнага жыцця на тэрыторыі былога Савецкага Саюза ксяндза Здзіслава Вэдэра SDB. З радасцю ўспомніў, якое здзіўленне ў вернікаў выклікала вялікая колькасць пакліканняў да манаскага жыцця і святарства са Смаргоні, дзе квітнела салезіянская духоўнасць. 

Напрыканцы святой Імшы вернікі парафіі св. Міхала Арханёла падзякавалі біскупу Юрыю Касабуцкаму за цэлебрацыю Эўхарыстыі і звярнуліся са словамі ўдзячнасці за руплівае і нястомнае служэнне да ксяндза Паўла Шчарбіцкага SDB, ксяндза Здзіслава Вэдэра SDB, ксяндза Казіміра Муравы SDB, якія нясуць святарскую паслугу ў парафіі.

У сямейным духу святкаванне працягнулася ў араторыі. Прысутныя разглядалі старыя фота, дзяліліся гісторыямі свайго жыцця, спявалі і танцавалі. Вельмі яркія эмоцыі вызваў прагляд дакументальнага фільма “Натхнёныя надзеяй”, які распавядае пра гісторыю салезіянскага таварыства на землях сучаснай Беларусі.  

Падзяліцца: