Галоўная Дзейнасць Навіны Снежань: Пасланне Генеральнага Настаяцеля дона Анхеля Фернандэса Арцімэ

Снежань: Пасланне Генеральнага Настаяцеля дона Анхеля Фернандэса Арцімэ

 Напрыканцы кожнага года ўсе мы маем у душы кошык успамінаў. У ім тое, што мы перажылі - насычаны год, поўны прыемных успамінаў, але і нечаканых падзей. Гэта быў год, у якім не было недахопу на сюрпрызы. 

  Дарагія сябры дона Боско і яго харызмы, напрыканцы 2023 года мне здаецца цікавым ужыць сімволіку кошыка, які мама Маргарыта ўвесь час носіць у руцэ. І на новым плакаце мы бачым яе характэрную рысу – кошык, перакінуты праз руку. Мы ўсе прызвычаіліся бачыць маму Маргарыту ў такім выглядзе. Без кошыка, хусткі на галаве і сукенкі беднай сялянкі мы б нават не падумалі, што гэта яна. Кошык быў зроблены з вельмі клапатліва сплеценых пруткоў. Маргарыта насіла ў ім нейкія рэчы для сваіх унукаў, свежавыпечаны духмяны хлеб і выпраную, з водарам чысціні, бялізну. 

  Але 3 лістапада 1846 года, як успамінае дон Боско ў сваіх “Успамінах аб араторыі”, калі ён і яго мама прыехалі з Бэккі ў Турын, каб прыняць у гэтым горадзе пакінутых юнакоў, мама Маргарыта запоўніла свой кошык клапатліва складзеным вясельным убраннем, сярод якога паклала некалькі жмуткоў лаванды. На дне яна схавала свой маленькі скарб, добра прыхаваны пад палатняным чахлом: аксамітавы пакуначак з двума пярсцёнкамі і залатым кулонам. 

  З дапамогай гэтай невялічкай маёмасці яны змаглі аплаціць першыя патрэбы араторыя. Мама Маргарыта мела такое вялікае сэрца, як усе пагоркі рэгіёну Асці, і таму бялізна пачала знікаць: яе выменьвалі на кашулі і споднюю бялізну для хлапцоў. Незвычайным быў лёс вясельнага ўбрання, якое стала першым покрывам алтару ў капліцы Пінардзі, а потым прасціной для аднаго хворага на халеру. 

 Кошык аднак ніколі не быў пусты, у ім заўсёды быў водар усяго добрага і прыгожага, што было ў яе жыцці.

                               Шкатулка са шчаслівымі ўспамінамі

 У канцы кожнага года мы ўсе павінны мець такі кошык, у думках і ў сэрцы, як шкатулку са скарбамі. Мы павінны былі б напоўніць яе цудоўным танцам жыцця, якое так хутка праляцела: людзьмі, якія чынілі для нас дабро, падзеямі асаблівай ласкі, сустрэчамі, якія вярнулі нам дыханне і мужнасць, упэўненасць, надзею, а па-над усім гэтым – каштоўнае золата Божай прысутнасці. 

 У гэтым маім кошыку я знайшоў шмат рэчаў, за якія я дзякую Пану, нашаму добраму Богу і Айцу. І, канешне, як гэта бывае ў жыцці кожнага чалавека, і ў вашым таксама, – не ўсё, што чалавек перажыў за год, прынясло радасць. Былі і боль, і цяжкасці, і ахвяры. Але калі мы перажываем усё гэта з верай, каштоўным чынам, гэта ўсё становіцца больш зразумелым. 

  • У сваім кошыку я знаходжу шмат намаганняў, як асабістых, так і намаганняў тых, хто дапамагае мне ў кіраўніцтве Кангрэгацыяй. Гэтыя намаганні паслужылі таму, каб даць жыццё, шмат жыцця: мы змаглі дапамагчы многім людзям, многім дзецям і моладзі ва ўсім салезіянскім свеце і натхнілі маіх братоў і ўсю салезіянскую сям’ю працягваць ісці шляхам салезіянскай вернасці. Кошык напоўнены мноствам падарункаў ад людзей са 135 краінаў свету і тысячамі спраў усёй салезіянскай сям’і ў свеце. 
  • У маім кошыку за гэты год – наведванне цэнтра дона Боско для непаўнагадовых (які калісьці дон Боско наведваў з донам Кафассо), адкуль вярнуўся да дому з цяжкім сэрцам, поўным болю ад сустрэчы з гэтымі маладымі людзьмі, якія, я спадзяюся, хутка выйдуць з гэтага становішча. Але таксама і з радасцю асэнсавання, што яны змогуць гэта здзейсніць. У маёй памяці засталося прывітанне маладога чалавека, які мяне запытаў: “А калі ты вернешся?”. Я вярнуся хутка. 
  • У маім кошыку – радасць ад мноства падарожжаў, здзейсненых у гэтым годзе. На гэты раз зноўку пяць кантынентаў, паколькі я вярнуўся ў Аўстралію. Аб усіх падарожжах я б мог напісаць кнігі. Прымомню толькі аб сваім наведванні Перу, двойчы ў лютым: на горным плата Гуанкайа, з яго холадам і вяршынямі і сустрэчу з болей як тысячай маладых людзей на вышыні 2500 метраў па-над узроўнем мора і гарачыню горада вечнай спякоты, як яны самі любяць казаць, Пьюра, дзе сустрэў вялікае ўшанаванне Панны Марыі Ўспамогі, якое мяне кранула. 
  • У маім кошыку захоўваецца радасць ад таго, што я праз пяць месяцаў пасля абвяшчэння салезіяніна каад’ютара Арцемія Дзацці святым быў у Ўедме, што ў Аргентыне, і крочыў па тых дарогах, па якіх хадзіў ён. Адчуў тую мясцовасць, дзе ён жыў і быў увасабленнем святасці ў штодзённасці жыцця. 
  • І ў глыбіні кошыка майго сэрца знаходзіцца самае глыбокае перажыванне, якое толькі можа быць у жыцці чалавека: страта маці, асабліва, калі бацька ўжо адышоў да неба. Я сапраўды адчуваю, што “пупавіна”, якая падтрымлівала цябе не толькі да моманту з’яўлення на свет, але і праз усё жыццё, ужо перарэзана. Але і гэта з Божай дапамогай я хоць і перажываю як страту, але страту, поўную надзеі і ўдзячнасці Пану за доўгае і прыгожае жыццё як майго бацькі , так і маёй маці. Як я магу не дзякаваць Пану за гэта?
  • Мой сёлетні кошык змяшчае вялізную радасць ад тых каштоўных дзён, якія я правёў у Лісабоне з выпадку Сусветных дзён моладзі. Болей за мільён маладых людзей далі каштоўнае сведчанне аб чалавечнасці і гуманнасці, аб здольнасці жыць у гармоніі, сяброўстве і міру, хоць і былі вельмі рознымі і паходзілі з розных куткоў свету. Які вялікі ўрок яны нам далі!
  • І нарэшце, мой кошык у гэтым годзе змяшчае глыбокі акт веры і паслухмянасці. Безумоўна, з верай дзейнічаў Святы Айцец, калі прызначыў мяне за кардынала святога Касцёла. І, безумоўна, з верай і ўпэўненасцю ў тым, што наш Бог суправаджае жыццё кожнага з нас сваім унікальным спосабам, вядомым толькі яму, я прыняў гэтую прапанову і гэтую паслухмянасць. Безумоўна, з удзячнасцю і абяцаннем вернасці і адданасці Хрыстоваму намесніку, як гэта нам абвяшчаюць, калі атрымліваем пярсцёнак кардынала. Толькі ў веры чалавек можа годна перажыць такое. 

Як бачыце, дарагія сябры, мой кошык напоўнены. Я ўпэўнены, што гэтак жа абстаяць справы і ў жыцці кожнага з вас. Гэта вялікі дар жыцця, які мы атрымліваем ад Бога. Жадаю вам благаслаўлёнага часу ў гэтым месяцы. І жадаю вам, каб вы ў чаканні прыходу Езуса Хрыста і надалей працягвалі дзейнічаць як салезіянская сям’я і тым самым дапамагаць ачышчаць свет ад нянавісці і сварак, напаўняць яго хрысціянскім духам, каб мы ўсе маглі жыць у міры і супакоі. 

 

Паводле Il Bollettino Salesiano, снежань 2023

Падзяліцца: