Галоўнай тэмай першага дня было правіла “Ставіць Бога на першае месца ў сваім жыцці”. Удзельнікі сустрэчы разбіліся на малыя групы, у якіх і дзяліліся сваімі думкамі, намагаючыся як мага лепш зразумець сэнс першай запаведзі Божай. Гэту працу папярэдзіла сцэнка, падрыхтаваная аніматарамі Савіо-Клуба: багацце, сям’я, гаджэты і поспех без Бога давядуць да бяды. Толькі калі Бог на першым месцы, усё набывае сапраўдны сэнс і прыносіць шчасце.
Нягледзячы на даволі моцны мароз, весела і радасна прайшла гульня на вуліцы, прапанаваная аніматарамі. Акрамя таго, усе з цікавасцю паглядзелі першую частку фільма “Я выбіраю рай” пра жыццё святога Філіпа Нэры, заснавальніка першага араторыя. На жаль, час на прагляд фільма быў абмежаваны, таму другую частку ўсе пагадзіліся паглядзець разам ужо Араторыі, у Смаргоні.
Вельмі важнай часткай дня стала святая Імша, а таксама малітва на Брэвіярыі.
Другі дзень, 3 снежня, распачаўся падрыхтоўкай да нядзельнай Святой Імшы ў парафіі Лебедзева, а затым “савікі” перайшла да абмеркавання другога правіла Савіо-клуба “Жыць з’яднанымі з Езусам і паміж сабою”. Добрай базай для разважанняў стаў фільм, прагледжаны напярэдадні. Таксама ўспомнілі ў гэтым кантэксце і жыццё Дамініка Савіо, які з’яўляецца галоўным прыкладам для кожнага ўдзельніка клуба. Асабліва звярнулі ўвагу на яго моцную сувязь з Богам і сапраўдную дапамогу патрабуючым. Аб гэтым нагадала нам аніматар Віялета падчас міні-канференцыі.
З дапамогай сястры Ірыны Барцэвіч (FMA) прыпомнілі, што бягучы літургічны год з’яўляецца годам Міласэрнасці. Усе разам падзяліліся думкамі, як пражыць гэты час, каб стаць яшчэ на некалькі крокаў бліжэй да Айца Нябеснага і быць сапраўднымі місіянерамі Божай Міласэрнасці. Час вельмі хутка бяжыць, аб чым нам яшчэ раз нагадаў а. Павел Шчарбіцкі, SDB: “ЧАС-гэта вялікі дар ад Бога! І ўжо ад нас залежыць, як мы яго выкарыстоўваем”.
Добрым працягам выяздной сустрэчы стала камандная гульня “Кракадзіл”, падчас якой хлопцы і дзяўчаты вучыліся падтрымліваць і лепш разумець адзін аднаго. А пасля заключнай малітвы падзякавалі гаспадарам гасціннага дома і развіталіся з надзеяй на хуткую новую сустрэчу.
фотаздымкі - с. Ірына Барцэвіч, FMA