У мінскім араторыі св. Яна Боско, які дзенічае пры салезіянскай парафіі св. Яна Хрысціцеля, завяршыліся штогадовыя спаборніцтвы па мікра-футболе “Кубак Дона Боско”. Ужо сёмы год запар салезіянскі араторый збірае пад сваім дахам аматараў і заўзятараў футбола, каб пазмагацца за запаветны трафей.
Наследуючы святога Яна Боско, салезіяне імкнуцца праз спорт выхоўваць маладых людзей, падкрэсліваць важнасць маральных прынцыпаў і адказнага стаўлення да жыцця. Кожная гульня на турніры заўсёды пачынаецца з малітвы і некалькіх слоў ад арганізатараў.
Сёмы “Кубак Дон Боско” распачаўся 3 снежня, удзел у спаборніцтвах прыняло 10 каманд. У гэтым годзе адбыліся змены ў фармаце правядзення турніру: замест кубкавай сістэмы з двума групавымі стадыямі і раўндам плэй-офф быў праведзены чэмпіянат, дзе кожная каманда гуляла з усімі сваімі праціўнікамі. Пасля чатыры лепшыя каманды высвятлялі паміж сабою, хто стане выніковым пераможцам спаборніцтваў.
Паўфінальныя гульні атрымаліся вельмі напружанымі і ўпартымі, шмат галоў у іх гледачы не ўбачылі. У першым паўфінале футбольны клуб “OLD Ляпіс” саступіў “Мірыэлю” з лікам 3-2, а “Вінігрэт” перамог “Землякоў”, мінулагодніх трыўмфатараў турніру, з лікам 3-1.
11 лютага 2018 года быў апошні дзень турніру, у якім адбыліся гульня за бронзу і фінал. Вынік першай гульні быў вельмі нечаканы: “Землякі” перамаглі “OLD Ляпіс” з агульным лікам 9-0, такі буйны лік у гульне за трэцяе месца цяжка было сабе ўявіць. Такім чынам, “Землякі” занялі апошнюю прыступку п’едэсталу, а гульцы “OLD Ляпіс” засталіся толькі чацвёртымі.
У фінале барацьба была больш напружанай і першы тайм скончыўся з лікам 1-1, у другой палове сустрэчы “Вінегрэт” быў больш паспяховым і атрымаў перамогу з лікам 3-2. Ад імя арганізатараў віншуем хлопцаў з гэтым дасягненнем, віншуем таксама і “Мірыэль” з срэбнымі медалямі, гэта таксама вельмі добры вынік.
Пасля фінальнага свістка ў апошнім матчы на #КДБ7 у араторыі адбыўся традыцыйны карнавал перад пачаткам Вялікага посту. Карнавал быў прысвечаны футболу, адпаведным быў і дрэс-код.
Распачаўся карнавал цырымоніяй узнагароджвання. Свае прызы атрымалі таксама і лепшыя сярод лепшых. Так, лепшым брамнікам турніру стаў Яўген Бурко, а лепшым гульцом -Віталь Пупін, абодва абараняюць колеры футбольнага клуба “Мірыэль”. Аляксею Вышынскаму з “Вінігрэту” 16 галоў прынеслі званне лепшага бамбардзіра турніру.
Пасля ўзнагароджвання былі танцы, салодкі стол і традыцыйнае салезіянскае слоўка на дабранач.