Падчас казання наступнік Пятра звярнуў увагу на Евангелле, на асобу Закхея. Папа параўнаў Закхея і моладзь. Закхей быў малога росту, так і моладзь сёння лічыць сябе малой, нязначнай, не лічыць сябе вартай. Людзі асуджалі Закхея за тое, што ён палез на дрэва, за тое што імкнецца вылезці наперад, так і моладзь сёння сутыкаецца з непрыняццем у грамадстве. Езус, які спаткаў Закхея, жадаў прайсці праз увесь горад, гэтак жа Ён жадае ўвайсці і ў нашае жыццё, у кожны куток нашага сэрца. Мы павінны прыняць Езуса ў наша жыццё, Ён дасць нам адвагі, адорыць мужнасцю жыць у праўдзе.
Атрымаўшы Папскае бласлаўленне пасля завяршэння святой Імшы пілігрымы распачалі шлях вяртання да дому. Дарога не была вельмі простай, бо шмат людзей у гэты час пакідалі поле на Бжэгах. З невялікімі перашкодамі, але здаровыя і задаволеныя салезіяне з Беларусі дабраліся да семінарыі, дзе іх чакаў смачны абед.
Пасля ўсе паехалі па хатах да сваіх гаспадароў, каб правесці гэты апошні вечар пілігрымкі ў іхняй кампаніі і падзякаваць за гасціннасць. Заўтра раніцай салезіянская пілігрымка выязджае дамоў і вязе з сабой радасць і Папскае бласлаўленне.