У гэтым годзе Будслаўскі фэст быў асаблівы: адзначалася 25-годдзе каранацыі цудадзейнага абраза Папскай каронай, а на саму ўрачыстасць быў запрошаны Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.
У нядзелю 25 чэрвеня СМЕП распачаўся са святой Імшы, якую ўзначаліў регіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. Пасля мвлітвы пілігрымы зрабілі традыцыйны фотаздымак і вырушылі ў шлях.
Тэма пілігрымкі гэтым летам гучала так: “Шукаючы Бога”, рэкалекцыяністам стаў ксёндз Алег Каралёў SDB, які таксама з'яўляўся адказным за пілігрымку.
Праз шэсць дзён удзельнікі СМЕПа з дапамогай ксяндза Алега разважалі над наступнымі тэмамі: “Слухаць і чуць”, “Марыя” , “Эўхарыстыя”, “Любоў”, “Міласэрнасць” і “Сінадальнасць”. Глыбей зразумець змест канферэнцый і падзяліцца сваімі думкамі пілігрымам дапамагала праца па пакоях, якую праводзілі святары, сёстры, салезіяне супрацоўнікі і аніматары. СМЕП з’яўляецца выключным момантам перажывання рэкалекцый у дарозе, магчымасцю пераасэнсаваць сваё жыццё, аднавіць духоўныя і маральныя сілы.
Варта адзначыць, што слова “евангелізацыйная” у абрэвіятуры СМЕП з’явілася не проста так. Падчас пілігрымкі моладзь дзеліцца сваёй верай з тымі, каго сустракае на сваім шляху праз евангелізацыйныя вясёлыя вечары, на якія заўсёды запрашаюцца мясцовыя жыхары, праз размовы, сустрэчы і ўласнае сведчанне. За тыя часы, што СМЕП крочыць па маршруце Смаргонь – Будслаў салезіяне атрымалі добрую рэпутацыю і жыхары шматлікіх вёсак з радасцю чакаюць пілігрымаў.
Апошні дзень пілігрымкі быў вельмі хвалюючым, усе свае інтэнцыі, свае радасці і турботы, увесь цяжар шляху СМЕПаўцы прыносілі да падножжа алтара Маці Божай Будслаўскай. У гэты дзень да пілігрымаў далучыўся біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які таксама з’яўляецца бывалым пілігрымам.
Пасля абеду СМЕП з радаснымі спевамі ўвайшла ў Будслаў, дзе сустрэлася з тысячамі іншых пілігрымаў, якія прыбылі з разных куткоў нашай Бацькаўшчыны ў галоўны санктуарый краіны.