Завяршыўся першы дзень другіх Салезіянскіх дзён моладзі. Распачалася праграма з рэгістрацыі, амаль 130 маладых людзей з 19 месцаў нашай краіны прыбылі у Мінскую парафію св. Яна Хрысціцеля (Серабранка), каб прыняць удзел у СДМ. Найбуйнейшыя групы з Мінска, Смаргоні, Міор і Бараўлян.

Пасля завяршэння рэгістрацыі ўдзельнікі СДМ сабраліся на супольную Эўхарыстыю, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

Напачатку св. Імшы з прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнуўся рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB. Святар адзначыў вялікае значэнне СДМ: “Салезіянскія дні моладзі ставяць перад сабою мэту стаць моладзевай платформай – месцам, дзе нашыя маладыя сябры будуць мець магчымасць духоўна ўзбагаціцца і перажываць прысутнасць Пана; змогуць адчуць і перажыць суправаджэнне ў форме пастаяннага дыялогу, які канчаткова дапамагае маладому чалавеку сустрэцца з Хрыстом; змогуць артымаць неабходныя веды і падтрымку, каб мець магчымасць адказаць на выклікі Касцёла і грамадства; таксама, што для нас з’яўляецца вельмі важным, будзе мець магчымасць голасу, каб актыўна ўдзельнічаць у працэсе прапаведвання Слова Божага для сучаснага маладога пакалення і рабіць яго больш эфектыўным”.
Біскуп Аляксандр у сваёй гаміліі звярнуў увагу на ўрывак Евангелля, у якім самаранка агучыла дэвіз сёлетніх Салезіянскіх дзён моладзі. “Праз выраз “дай мне вады” Хрыстус указвае самаранцы, а таксама і нам, на вялікі Божы дар, а менавіта на магчымасць нашых шчырых і сапраўдных адносін з уладальнікам усіх дабротаў - з Богам. І калі мы заўважым, ацэнім і будзем памятаць пра гэты дар, то сярод шматлікіх нашых малітоўных просьбаў на першым месцы будзе просьба аб дараванні для нас дару сапраўднай любові.”
Звяртаючыся да ўдзельнікаў СДМ, іерарх падкрэсліў: “Дарагія ўдзельнікі Салезіянскіх дзён моладзі. Дазвольце мне напрыканцы пажадаць, каб словы сёлетняга спаткання “Пане, дай мне гэтай вады”, якія адкрываюць змест дэвізу жыцця кс. Боско і яго паслядоўнікаў - “Дай мне душы” - маглі стаць для вас, маладых, будучыні касцёла і грамадства, сапраўдным выклікам і радасным абавязкам фармаваць сябе. Каб самім па прыкладу самаранкі, пазнаўшы любоў Пана Бога, дзяліцца ёй з іншымі, каб імкнуцца абапірацца ў зямным жыцці толькі на тыя каштоўнасці і прынцыпы, якім Езус Хрыстус вучыць словам і прыкладам, каб пакланяцца Богу ў духу і праўдзе цяпер і заўсёды і на векі вечныя. Амэн.”
Пасля Імшы удзельнікі накіраваліся на супольны абед у араторый, які дзейнічае ў Серабранцы пры парафіі св. Яна Хрысціцеля, а потым паехалі на музычна-евангелізацыйны вечар, які адбываўся у цэнтры мастацтва і творчасці “Золак”. Музычныя гурты PILIGRIMS (“Пілігрымы”) і “Небасхіл” праз сваю творчасць дапамагалі удзельнікам адпачыць і праславіць Бога.

Калі канцэрт скончыўся, удзельнікі СДМ накіраваліся у прафіяльную капліцу на Адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту , якую анімаваў гурт “Рыбы”.
Напрыканцы Адарацыі з традыцыйным салезіянскім слоўкам на дабранач да прысутных звярнуўся кс. Павел Шчарбіцкі SDB. Святар разважаў над тым, як боль і цяжкасці нашага жыцця ўзмацняюць характар і дапамагаюць наблізіцца да дому нашага Айца.

Такім насычаным і цікавым быў першы дзень, спадзяёмся, што Святы Дух будзе спрыяць Салезіянскім дням моладзі і далей. Усё на хвалу Божую і дзеля збаўлення душ!